Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

На адваката Людмілу Казак складзена два пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У пратаколах сведкамі запісаныя асобы са змененымі персанальнымі звесткамі. Пра гэта Казак распавяла сваім абаронцам, якіх пусцілі да яе ў ІЧУ на Акрэсціна, піша Tut.by.

Як расказалі TUT.BY абаронцы Людмілы Казак Віктар Мацкевіч і Святлана Гарбаток, яны не маглі трапіць да кліента ў ІЧУ больш за тры гадзіны. Адміністрацыя ІЧУ спачатку спасылалася на каранцін, потым — на ўнутраныя «мерапрыемствы» ў ІЧУ. У выніку адвакатаў пусцілі ІЧУ па адным.

— Людміла распавяла, што яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны, трое мужчын. Адзін, як яна зразумела, быў супрацоўнікам АМАПа, а двое — невядома хто, у масках. Яе прывезлі ў Цэнтральны РУУС, працаваў з ёй супрацоўнік РАУС Усік. Склалі пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. Насамрэч яна была ў гэты дзень у ГЦ «Галілеа» з дачкой, куплялі рэчы да школы. Сведкамі ў пратаколах былі пазначаны «Івановы Іваны Іванавічы» — то ёсць асобы, чые персанальныя дадзеныя змененыя. Копіі пратаколаў ёй не ўручылі. З матэрыяламі справы не азнаёмілі, — распавёў TUT.BY Віктар Мацкевіч.

Па словах Казак, супрацоўнікі міліцыі, якія размаўлялі з ёй, паводзілі сябе напышліва і па-хамску, называлі «дамачка» і казалі «вы тут, і павінны падпарадкоўвацца нашым патрабаванням».

— Ігнаравалі яе словы, што ёй трэба ў судовае пасяджэнне да 14 гадзіны. Людміла прасіла патэлефанаваць мужу, Чайчыцу (Віктар Чайчыц — кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў), Швакаву (Аляксей Швакаў — старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў), выклікаць адваката, выклікаць хуткую, бо ў яе было дрэннае самаадчуванне. Патрабавалі разблакаваць тэлефон, яна адмовілася, ніхто не хаваў тое, што «нам цікавыя вашы тэлефоны». Ва ўсіх пратаколах і ў асобных скаргах яна пісала, што гэта пераслед за прафесійную дзейнасць, што рэчы, якія канфіскавалі, ўтрымліваюць адвакацкую таямніцу. Людміле, вядома, цяжка, стан пакідае жадаць лепшага, але яна моцная жанчына і трымаецца, глыбока абураная тым, што адбываецца, — распавялі абаронцы Казак.

Адвакаты заяўляюць: факт брутальнага затрымання і зняволення ў ІЧУ, прад'яўлення надуманых адміністрацыйна-прававых прэтэнзій кажа пра тое, што на адваката Людмілу Казак аказваецца ціск і ажыццяўляецца яе пераслед у сувязі з прафесійнай дзейнасцю з мэтай дыскрэдытаваць яе і пакараць за прынцыповую і актыўную прафесійную пазіцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?