У далёкім ХІХ стагоддзі падлетак Логан (ён жа Расамаха) забіў кіпцюрамі ўласнага бацьку. З таго часу ён – і ягоны брат Віктар (Шаблязубы) – разам ва ўсіх вайсковых канфліктах. Але пасля таго, як у В’етнаме ваяры, сп’янелыя ад крыві, пачалі забіваць і сваіх – братоў расстралялі (беспаспяхова). З таго часу лёс мутантаў змяніўся: хітры палкоўнік Страйкер прапанаваў ім працаваць на ўрад. Шаблязубы знайшоў асалоду ў злачынных акцыях, а Расамаха вырашыў адысці ад карніцкіх спраў. Але звярынае мінулае так проста не адпускае…
Коміксная карціна Гэвіна Гуда прадказальная, як гамбургер у супермаркеце. Ашаламляльныя бойкі з кіпцюрамі, скокамі, гелікоптэрам, балет з шаблямі – і вочы, што спапяляюць. Страляніна – і спыненыя кулі; лабараторыя падступных вайскоўцаў – і гнюсныя эксперыменты.
Такія стужкі глядзяць не дзеля навізны. Заўзятары шукаюць у фільме старых герояў. Гамбіт – карцёжны махляр з чароўнымі здольнасцямі; мутанціха Фрост (з дыямантава-ледзяной скурай).
Расамаха – тлумачыцца як і адкуль у яго сталёвыя кіпцюры (актор Г’ю Джэкман дзеля гэтага нат аголеным бегае).
Але праграмаваную стужку можна прачытаць і нясумна. Ліў Шрайбер (Шаблязубы) – намякае на подзвігі іншага свайго героя – Зуса Бельскага, які партызаніў ў беларускіх лясах (і таксама не вылучаўся вытанчанымі манерамі). (Так і бачыш брацікаў на падрыве цягнікоў!) Г’ю Джэкман – канадскі змагар з амерыканскім імперыялізмам (і духоўны сваяк кашмармэйкера Дэвіда Кронэнберга). А пра ўсіх мутантаў некалі казала яшчэ адна недабітая кінагераіня: “Вы звяры, панове…”