Увечары 23 верасня пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй сталіцы пачаліся пратэсты, якія жорстка разганялі сілавікі. На праспекце Дзяржынскага таксама быў экшн: людзі з дубінкам перагарадзілі дарогу і традыцыйна калацілі па аўтамабілях, хтосьці спрабаваў з’ехаць і трапіў у ДТЗ, хтосьці спрабаваў з’ехаць і нават збіў даішніка.

Што сёння з людзьмі, якім не пашанцавала трапіць пад гарачую руку «праваахоўнікаў»?

Нагадаем, па словах відавочцаў, 23 верасня на адным з перакрыжаванняў праспекта Дзяржынскага шлях машынам перагарадзіў экіпаж ДАІ.

«Загарэлася зялёнае святло, але машыны працягвалі стаяць. Было незразумела, што адбываецца, бо кіроўцы і пасажыры паводзілі сябе спакойна: ніякіх сцягоў і лозунгаў. А праз хвіліну з боку праспекта Жукава пад'ехалі шмат мікрааўтобусаў, яны сталі ля святлафора, каля машыны ДАІ. З іх выскачылі хлопцы ў форме колеру хакі, у шлемах і з дубінкамі, і кінуліся да машын: крычалі, адчынялі дзверы, багажнікі, заглядвалі ў сумкі людзей», — расказвалі людзі журналістам tut.by.

Пасля гэтага адзін з аўтамабіляў — цёмны «Опель» — паспрабаваў з’ехаць, але не змог развярнуцца і ўрэзаўся ў суседні «Джылі». Падбеглі сілавікі, пачалі біць па машыне дубінкамі, выцягнулі з салона кіроўцу. Убачыўшы гэта, кіроўца «Фальксвагена» паспрабаваў з’ехаць, рвануў наперад, але заглох. Увага сілавікоў адразу пераключылася на «Фальксваген», яго акружылі і таксама пачалі лупіць па машыне. Кіроўца ўсё ж завёў аўто і з’ехаў, за ім паехалі даішнікі. У дварах на Грушаўцы машыну спынілі, а кіроўцу затрымалі.

У выніку на волі застаўся толькі кіроўца «Джылі». На яго аформілі пратакол ДАІ як на пацярпелага. Мужчыны, якія былі на «Опелі» і «Фальксвагене», цяпер за кратамі.

Кіроўцу «Фальксвагена» завуць Аляксей. Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч выпадкова апынуўся з ім у адной камеры ІЧУ на Акрэсціна.

Аляксей распавёў, што вяртаўся з жонкай з кафэ на «Міхалова», ехаў у бок Грушаўкі. Ён не быў удзельнікам пратэстаў. Звычайны адэкватны чалавек, з грамадзянскай пазіцыяй, без крымінальнага мінулага.

МУС адразу паведаміла, што кіроўца быў п’яным. Гэта не так: у пратаколе Аляксея пазначана, што алкагольнага ап’янення няма. Экспертыза паказала 0,25 праміле, у такім стане можна кіраваць аўтамабілем.

Аляксей распавёў, што на яго машыну наваліліся сілавікі, разбілі лабавое шкло, збілі бакавыя люстэркі. Спрабавалі дастаць з машыны, але Аляксей з жонкай былі прышпіленыя, таму сілавікі не змаглі выцягнуць іх з аўто. Аляксей на адрэналіне паспеў дацягнуцца да педалі і паехаць. Лабавое шкло было разбітае, таму глядзеў толькі праз маленькі кавалак цэлага шкла ўнізе. Пра момант наезду на даішніка ён не расказваў, мала што памятае.

Машыну даволі хутка дагналі, яго выцягнулі з машыны. Аляксей не супраціўляўся. Яго сталі біць, але людзі з вокнаў крычалі «фашысты!», таму начальнік даішнікаў загадаў не прымяняць сілу. У Аляксея, здаецца, трохі рассечаны нос, але на целе слядоў удараў няма. Жонку адпусцілі.

У пацярпелага даішніка расцяжэнне звязак па назе і нешта з пальцам (ці то ўдар, ці то пералом).

Апошняе, што было вядома пра Аляксея — што яго мусілі перавесці ў СІЗА на Валадарскага.

За кратамі цяпер і 26-гадовы кіроўца «Опеля», праўда, па іншай прычыне.

«Ён жыве на Грушаўцы і ў той вечар ехаў дадому. Убачыўшы бусікі і сілавікоў, хацеў развярнуцца, каб з’ехаць», — расказалі «Нашай Ніве» сваякі хлопца.

«Опель» пасля ДТЗ і сустрэчы з сілавікамі

Хлопца затрымалі і пасля асудзілі.

«Суд прайшоў 24 верасня. У матэрыялах справы было такое: пасля ДТЗ ён нібыта вылез з машыны, машыну кінуў, а сам пайшоў на мітынг, дзе яго затрымалі. Ён яшчэ і нібыта аказваў супраціў. За гэта суд даў яму 12 сутак, — кажуць сваякі. — Цяпер ён у Жодзіна. Дарэчы, да яго спрабаваў трапіць адвакат, але не пусцілі.

Машыну, дарэчы, забралі. Сказалі, што на месяц: будуць рабіць экспертызу і правяраць нумар кузава».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру