29 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за СМІ ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юрый Касабуцкі абверг звесткі пра тое, што Касцёл у Беларусі нібы выкарыстоўваецца знешнімі сіламі ў палітычных мэтах, піша catholic.by.

Нарышкін: ЗША імкнуцца ўцягнуць каталіцкія абшчыны Беларусі ў антыўрадавыя акцыі

«У аўторак была апублікавана інфармацыя, якую падаў кіраўнік службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. Гэта — фэйк, гэта — лухта. Ён казаў пра нейкія правакацыі, пра тое, што Злучаныя Штаты Амерыкі, ЦРУ і іншыя арганізацыі спрабуюць выкарыстаць Каталіцкі Касцёл для падрыву дзяржаўнага ладу ў нашай краіне.

Гэта — лухта поўная, фэйкавая інфармацыя, хлусня, якая не мае нічога супольнага з праўдай. <…> Гэта інфармацыя, да якой варта адносіцца з доляй іроніі»,— сказаў біскуп Касабуцкі.

«Нашыя святары наогул не атрымліваюць ніякіх інструкцый ні ад каго, і не толькі палітычнага характару», — кажа Юрый Касабуцкі.

«Мы святароў заахвочваем, напрыклад, да малітвы, да правядзення ружанцовых набажэнстваў, да арганізацыі благаслаўлення могілак у лістападзе, калі на працягу тыдня мы молімся за памерлых, але нават пры гэтым мы не даем інструкцый, якім чынам гэта рабіць. Ёсць адпаведныя літургічныя абрады і прадпісанні, якіх трымаюцца святары ва ўсім свеце. І яны самі ведаюць, што ім трэба казаць пры гэтым вернікам.

Ніякіх заклікаў да адкрытага выказвання падчас набажэнстваў тых ці іншых адносін да ўлады святарам ніхто не даносіць.Гэтая інфармацыя не мае пад сабою рэальнай глебы.

— Чым, на Вашу думку, могуць быць выкліканы заявы адносна таго, што хтосьці спрабуе ўплываць на Каталіцкі Касцёл з боку Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых дзяржаў?

— Мне складана адказаць на гэтае пытанне, але адносна Злучаных Штатаў Амерыкі гэта гучыць зусім нерэалістычна.

Магчыма, гэтыя заявы неяк звязаныя з пазіцыяй Касцёла. Сёння Касцёл у Беларусі кажа праўду пра сітуацыю ў краіне, выступае супраць насілля, заахвочвае людзей да салідарнасці, да адзінства, да згоды, міру, прабачэння.

Можа, такім чынам мы перашкаджаем камусьці ў рэалізацыі нейкіх сцэнарыяў, скіраваных на падзел у грамадстве, на крывавае развіццё падзей.Можа, хтосьці спрабуе выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб падзяліць людзей па прынцыпе веравызнання, каб абвінаваціць нас у тым, чаго мы ўсімі сіламі імкнёмся пазбегнуць, молячы Бога аб міры і згодзе ў нашым грамадстве. Але мы не паддаёмся такой «прамыўцы мазгоў» і застаёмся вернымі запаведзям любові, якія пакінуў нам Хрыстус.

— Ці Вы адчуваеце, што на фоне актуальных падзей у грамадстве з’явілася нейкая напружанасць у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і іншымі канфесіямі ў Беларусі, перадусім з Беларускай Праваслаўнай Царквой?

— Я гэтага абсалютна не заўважаю. Наадварот, мы бачым цяпер вельмі моцную салідарнасць людзей незалежна ад веравызнання. Яны прыходзяць, пытаюцца, ці могуць зайсці ў касцёл, хоць яны не католікі. Мы ім заўсёды радыя; мы адкрытыя для ўсіх, нават для няверуючых.

Ніякага пагаршэння адносін няма: яны наадварот становяцца больш адкрытымі і прыязнымі, у духу сапраўднай хрысціянскай любові, якая вышэй за ўсе штучныя падзелы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?