За апошні час у Менску зарэгістраваны два выпадкі электратраўматызму ў тралейбусах. Першы скончыўся трагічна — ад атрыманых пашкоджаньняў першакурсьніца пэдунівэрсытэту імя М.Танка памерла на месцы. У другім выпадку ахвяру пашкоджанай у тралейбусе ізаляцыі выратаваў іншы пасажыр. Студэнт пятага курсу БНТУ атрымаў электраапёкі рук.

Па фактах здарэньняў праводзіцца праверка. Тралейбус, пры пасадцы ў які загінула студэнтка, стаіць у дэпо №4, да якога належыць, другі ж працягвае вазіць пасажыраў. Прычым кіроўца тралейбуса, які быў сьведкам апошняга здарэньня, ня выйшаў пацікавіцца лёсам пацярпелага, а прадоўжыў рух па маршруце.

Некаторыя пасажыры і раней заўважалі, што тралейбусы час ад часу «б’юцца токам» пры пасадцы і высадцы. Уся справа тут ва ўцечках электрычнасьці на мэталёвы корпус, якія могуць здарацца пры парушэньні ізаляцыі ці прабоях у тым ці іншым месцы. Проста едучы ў тралейбусе, вы гэтага ніяк не адчуеце — удар токам магчымы толькі пры адначасовым кантакце з мэталічнымі дэталямі тралейбуса і зямлёй. Узімку становішча пагаршаюць вільготнасьць і асабліва соль, якой дарожныя службы пасыпаюць дарогі, — яна павялічвае токаправоднасьць і, трапляючы ў вузлы тралейбуса, павышае імавернасьць уцечак. Спэцыялісты ня раяць пасажырам у мокрым абутку дакранацца голымі рукамі, стоячы на зямлі, да мэталічных канструкцый тралейбусаў. Больш бясьпечныя ў гэтым пляне беларускія машыны новых мадэляў, якія выпускаюцца зь сярэдзіны 1990-х гадоў: у іх частка высакавольтнага электраабсталяваньня разьмешчана на даху, а не пад падлогай. Да таго ж яны не такія амартызаваныя.

Паведамленьні пра ўдары токам у тралейбусах зрэдку прыходзяць і з абласных цэнтраў, аднак здарэньне зь летальным зыходам зарэгістравана ўпершыню: адыграў ролю фатальны зьбег акалічнасьцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?