Самая смешная навіна палітычнага жыцця Расіі апошняга часу — сельскія выбары ў Кастрамской вобласці. Тут ранейшы кіраўнік адміністрацыі пасёлка папрасіў прыбіральшчыцу пабыць яго фіктыўным канкурэнтам на выбарах — і разгромна прайграў ёй.

Вёска Паваліхіна знаходзіцца за 430 кіламетраў ад Масквы, гэта прыблізна як ад Мінска да Тамашоўкі ці Камарына, самых далёкіх вёсак Беларусі. Працы няма ніякай, таму мясцовыя жыхары масава ездзяць на заробкі ў Маскву ці ў Кастраму.

Апошнія пяць гадоў пасяленнем кіраваў былы паліцэйскі, член «Адзінай Расіі» Мікалай Локцеў. Ён збіраўся заставацца на другі тэрмін, але для саліднасці трэба было правесці альтэрнатыўныя выбары.

Локцеў угаворваў па чарзе восем дэпутатаў сельсавета, але яны змаглі адмовіцца. З павагі да начальніка пагадзілася толькі 35-гадовая прыбіральшчыца будынка адміністрацыі Марына Удгодская.

Марына Удгодская, фота РБК

Марына Удгодская, фота РБК

У выніку на выбары пайшлі двое, Локцеў і Удгодская. Праграмы не было ні ў кога з іх. Члену «Адзінай Расіі» было ляніва гэтым займацца, а прыбіральшчыца разумела, што ідзе тэхнічным кандыдытам.

Аднак асаблівасць расійскіх выбараў у тым, што там хоць і прымяняюць пры жаданні адміністратыўны рэсурс, але ў прынцыпе лічаць галасы. У выніку на ўчасткі прыйшло толькі каля траціны выбарцаў, аднак яны рашуча пракацілі былога мэра.

Марына Удгодская набрала 62% галасоў. Наступны тыдзень яна працавала прыбіральшчыцай адміністрацыі, аднак ад пачатку кастрычніка ўступіла ў паўнамоцтвы.

Новая кіраўніца прызнавалася, што па-ранейшаму не ўяўляе свае абавязкі: «Гэта ж цяжка: я з дакументамі ні разу справы не мела».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?