Ініцыятыва «Честные люди» прапануе абысьці выбарнікаў на сваім участку, сабраць подпісы тых, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, і перадаць дакумэнты на праверку ў кампэтэнтныя органы, піша «Радыё Свабода».

Сяргей Лапцэвіч, назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах-2020

«Усе супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС — на выезьдзе. Чакайце, калі вернуцца»

Гэта ўжо трэцяя спроба ініцыятывы штабу Віктара Бабарыкі «Честные люди» дамагчыся сумленнага падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Спачатку неабвержныя доказы фальсыфікацыяў сабралі і перадалі ў ЦВК, але яна ўсе скаргі адхіліла. Другім крокам быў Вярхоўны суд, але ён таксама не знайшоў ніякіх парушэньняў.

2 кастрычніка назіральнік Сяргей Лапцэвіч падрыхтаваў чарговы пакет дакумэнтаў на 36 старонках і хацеў падаць скаргу для праверкі ў Фрунзэнскае РУУС. Асабіста падаць скаргу ў РУУС не ўдалося — выявілася, што ўсе супрацоўнікі, якія прымаюць грамадзян, «на выезьдзе».

«Вы ў чарзе чацьвёртыя», — паведаміла дзяжурны сяржант на ўваходзе ў Фрунзэнскае РУУС і паказала на людзей, якія таксама чакалі. Цягам гадзіны чарга ня рухалася, ніводзін супрацоўнік раённай міліцыі з выезду так і не вярнуўся.

«Калі вернецца хтосьці з супрацоўнікаў і колькі часу чакаць — непрадказальна. Калі няма часу, прыходзьце вечарам, пасьля 20-й гадзіны, мо тады тут чаргі ня будзе», — параіла сяржант.

Таму Сяргей Лапцэвіч вымушаны быў паслаць дакумэнты поштаю.

Назіральнік Сяргей Лапцэвіч прайшоў ужо некалькі этапаў абскарджваньня вынікаў выбараў на сваім участку.

«Я падаваў заяву спачатку ў пракуратуру. Адтуль мяне перанакіравалі ў Фрунзэнскае РУУС. Атрымаў адпіску. Падаў заяву ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму — а яны спусьцілі дакумэнты назад у Фрунзэнскае РУУС. Уяўвіце — усе мае заявы разварочвалі без разгляду сутнасьці, вярталі назад у РУУС. То-бок я атрымліваў адпіскі. Цяпер чарговая спроба», — тлумачыць Сяргей Лапцэвіч.

«На датэрміновым галасаваньні мы налічылі 750 чалавек, у пратаколах пазначана ўдвая больш — 1 500»

Сяргей Лапцэвіч быў назіральнікам на ўчастках №13 і 14 Фрунзэнскага раёну Менску, якія знаходзіліся ў будынку сярэдняй школы №23 у мікрараёне Сухарава. Дырэктарка школы Сачко Сьвятлана Вячаславаўна — старшыня адной камісіі, яе намесьніца Ананіч Дар’я Аляксееўна — старшыня другой. Сябры камісіяў — падначаленыя ім настаўнікі. Назіральнікі, якіх пусьцілі на ўчасткі, — таксама супрацоўнікі гэтай школы. Незалежных назіральнікаў у будынак не пусьцілі, яны маглі толькі лічыць людзей, якія ўвайшлі ў будынак.

Сяргей кажа, што сам бачыў вельмі шмат людзей зь белымі стужкамі, якія прыйшлі на выбары. А ў выніку лічбы назіральнікаў не сышліся з пратаколамі.

«На датэрміновым галасаваньні мы налічылі 750 чалавек, якія ўваходзілі ў школу і выходзілі зь яе. А ў пратаколах пазначана 1500 тых, хто прагаласаваў. Адкуль узяліся яшчэ 750 выбарнікаў — незразумела.

Паводле пратаколу, за Ціханоўскую прагаласавалі 95 чалавек

Таму адразу пасьля выбараў мы ініцыявалі збор подпісаў тых, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. І літаральна ў першы дзень сабралі больш подпісаў, чым было ў выніковым пратаколе. Прычым мы працавалі толькі па адной гадзіне тры вечары. У выніковым пратаколе пазначана 95 подпісаў за Ціханоўскую, а мы сабралі 394 подпісы людзей, якія прагаласавалі за яе.

Гэта мусяць вывучыць кампэтэнтныя органы. І даць праўную ацэнку», — перакананы праграміст Сяргей Лапцэвіч.

Назіральнік кажа, што пратаколы ўвечары 9 жніўня зьявіліся, аднак не адразу. А толькі тады, калі сябраў участковых камісіяў вывезьлі з будынку школы.

«Там стаялі аўтазакі, я іх бачыў, пакуль мы чакалі вынікаў выбараў. Прыехаў бусік. Вывозілі сябраў камісіяў не праз цэнтральны ўваход. Пагасьлі ўсе вокны ў школе, пратаколаў нідзе не было. Я сам асабіста праверыў, мы з выбарнікамі, якія чакалі вынікаў, не сыходзілі. Праз хвілін 40 у адным акне запалілася сьвятло і зьявіліся пратаколы. Хтосьці іх вывесіў», — кажа Сяргей Лапцэвіч.

З пратаколу вынікае, што за Лукашэнку прагаласавалі 1137 выбарнікаў, за Сьвятлану Ціханоўскую — 95. У нашых далёка ня поўных сьпісах — прынамсі 395. Таму «Честные люди» не спыняюцца і працягваюць дамагацца сумленных падлікаў вынікаў выбараў», — кажа Сяргей Лапцэвіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру