Фота 2017 года Сяргея Гудзіліна

Фота 2017 года Сяргея Гудзіліна

На пасяджэньні Сойму Партыі БНФ 3 кастрычніка прынялі рэзалюцыю, у якой зацьвердзілі «дарожную мапу» з 10 першачарговых крокаў дзеля выхаду з крызісу і пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу, піша Радыё Свабода.

Паводле БНФ, Беларусь апынулася «ў глыбокім палітычным крызісе, які паставіў дзяржаву на мяжу існаваньня». Дзеяньні ўладаў прывялі да ўвядзеньня санкцыяў, «якія ставяць нашую краіну ў стан «дзяржавы-ізгоя» на міжнароднай арэне. У сукупнасьці гэткі падрыў сувэрэнітэту пагражае поўным падпарадкаваньнем краіны і пераходу яе ў статус фактычнага пратэктарату Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы партыі БНФ па выніках пасяджэньня.

Цяперашні крызіс патрабуе неадкладных захадаў дзеля дээскаляцыі канфлікту і пераходу да мірнага агульнанацыянальнага дыялёгу, лічаць у партыі БНФ. У якасьці першачарговых захадаў, якія б зрабілі такі дыялёг магчымым, партыя прапануе наступныя 10 крокаў:

  1. Вызваленьне ўсіх, каго беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
  2. Спыненьне палітычна матываваных крымінальных спраў, у тым ліку супраць сябраў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, чыя дзейнасьць «знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднаньняў».
  3. Спыненьне масавых і нематываваных затрыманьняў і судоў супраць удзельнікаў мірных масавых акцыяў.
  4. Фармуляваньне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам Беларусі ясных і недвухсэнсоўных гарантыяў бясьпекі для тых, хто «быў выштурхнуты зь Беларусі альбо вымушаны хавацца ў замежжы з прычыны апасеньняў за сваё жыцьцё і здароўе».
  5. Спыненьне ўсіх формаў перасьледу і незаконных абмежаваньняў прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і СМІ (уключна зь неадкладным аднаўленьнем акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ і адмовай ад блякаваньня вэб-сайтаў), спыненьне антынацыянальнай прапаганды і дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сымболікі ў дзяржаўных СМІ, выдаленьне зь іх раней запрошаных расейскіх прапагандыстаў.
  6. Аднаўленьне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях усіх, каго звольнілі ў сувязі зь іх палітычнымі перакананьнямі ці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
  7. Стварэньне супольнай парлямэнцка-грамадзкай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацый, якая вывучыць абставіны прымяненьня гвалту падчас падзеяў жніўня-верасьня 2020 году і перадасьць сабраныя матэрыялы ў пракуратуру і сьледчыя органы, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і забойствах.
  8. Забесьпячэньне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу ўмоваў утрыманьня ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Рады па правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэньня і дакумэнтаваньня падзеяў жніўня-верасьня 2020 году.
  9. Правядзеньне з удзелам Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў і палітычных партыяў нарады, на якой выпрацуюць фармат, графік правядзеньня, парадак дня агульнанацыянальнага дыялёгу, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў.
  10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапановаў місіяў назіраньня АБСЭ на выбарах 2015—2019 гадоў і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі «Права выбару» з наступным правядзеньнем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.

Гэтыя крокі дазволяць пераадолець найбольш значныя нэгатыўныя наступствы крызісу, спыняць раскол грамадзтва і «прыпыняць спаўзаньне краіны ў бездань», лічаць у БНФ і заклікаюць усе палітычныя сілы і дзяржаўныя органы «праявіць грамадзянскую сьпеласьць і неадкладна распачаць рэалізацыю пазначанай пасьлядоўнасьці крокаў дзеля найхутчэйшай стабілізацыі абстаноўкі ў краіне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0