Цягам дня 4 кастрычніка ў Беларусі былі затрыманыя 15 журналістаў. Большасць з іх пасля праверкі дакументаў адпусцілі з РУУСаў.

Але пяць чалавек засталіся ў ізалятарах да суда па адміністрацыйных працэсах. Меркавана, усіх будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных пратэстах. Гэта — Надзея Пужынская (Гомель), Марына Маўчанава, Алеся Лацінская, Дзяніс Носаў, Юрый Камісараў (Бабруйск), піша БАЖ.

Гомель

Затрыманая відэакарэспандэнтка «Сильных новостей» Надзея Пужынская. Журналістку затрымалі каля ІЧУ, куды яна несла перадачу затрыманым калегам — Ганне і Дзянісу Якштасам. На яе склалі пратакол за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Надзею затрымалі за нявызначанае «несанкцыянаванае мерапрыемства». Заснавальніку гомельскага папулярнага медыя «Сильные новости» Пятру Кузняцову пацвердзілі ў абласным УУС, што Пужынскую затрымалі — «у сувязі зь вядзеннем адміністрацыйнага працэсу паводле артыкула 23.34». На пытанне аб тым, за які эпізод яе затрымалі, калі яна не ўдзельнічала ў масавых мерапрыемствах, прадстаўнік УУС Віталь Прыстромаў адказаў: «Не магу вам сказаць, думаю, там ёсць падставы».

Журналістку да суда пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Віцебск

Былі затрыманыя журналістка TUT.by і БелаПАН Таццяна Матвеева, журналіст TUT.by і «Народнай Волі» Алесь Пілецкі, рэдактар «Народных навінаў Віцебска» Сяргей Серабро. Усіх адпусцілі пасля «прафілактычных размоў».

 Затрыманне віцебскіх журналістаў Таццяны Матвеевай, Алеся Пілецкага і Сержука Серабро. Фота: «Белсат»

Гродна

Затрыманы блогер Андрэй Ірха на Савецкай плошчы ў Горадні падчас стрыму. Андрэя Ірху адпусцілі, але склалі пратакол апытання, забралі тэлефон. Яго некалькі разоў ударылі ў твар пры затрыманні. Пыталіся, ці ён будзе яшчэ здымаць стрымы. Пры затрыманні моцна сцягнулі рукі плястыкавай сьцяжкай

Затрымалі журналістак Вольгу Камягіну і Кацярыну Гардзееву. Яны журналісты «Народнай Волі» і TUT.BY. Пасля праверкі дакументаў і прафілактычных размоў адпусцілі.

Затрыманне Вольгі Камягінай і Кацярыны Гардзеевай. Фота: «Белсат»

Мінск

Затрымалі і адпусцілі: фатографа «БелГазеты» Дар'ю Сапранецкую, карэспандэнта Onliner Аляксандра Уладыку.

Фатографу Дар'і Сапранецкай пазванілі з Кастрычніцкага РУУСа Мінска і патрабавалі, каб яна туды вярнулася. А да кватэры прыйшлі міліцыянты і амап — усе былі ў балаклавах, па словах журналісткі. Дар'я паабяцала заўтра прыйсці ў РУУС кастрычніцкага раёна, каб азнаёміцца з адміністрацыйным партаколам. Дзверы ім не адчыніла, ўвесь час ішоў стрым з кватэры.

Сілавікі сышлі.

 

Бабруйск

Затрымалі і пакінулі да суда: Марыну Маўчанаву, Алесю Лацінскую, Дзяніса Носава і Юрыя Камісарава. Заўтра будзе суд. Пра гэта БАЖ па тэлефоне паведаміла Марына Маўчанава, якой дазволілі патэлефанаваць.

 

Брэст:

Затрымалі галоўнага рэдактара гарадскога анлайн-часопіса «Бінокль» Ксенію Пятровіч, фотакарэспандэнта «Брестской газеты» Алега Палішчука. Іх адпусцілі з РУУСа пасля праверкі дакументаў.

Ксенія Пятровіч і Алег Палішчук пасля выхаду з РУУСа.

Магілёў:

Быў затрыманы журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў. Асіпцова адпусцілі пасля прафілактычнай размовы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру