flickr.com

flickr.com

Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн абвясціла пра паслабленне каранціну ў найбуйнейшым горадзе краіны Окленд — пасля гэтага стала зразумела, што краіна цалкам справілася з другой успышкай каранавіруса. Пра гэта паведамляе Axios.

«Жыхары Окленда і Новай Зеландыі прытрымліваліся плана, які спрацаваў двойчы, і зноў перамаглі гэты вірус», — адзначыла кіраўнік урада.

Яна павіншавала жыхароў Окленда са сканчэннем другога каранціну, які ўводзіўся ў жніўні.

Адзначаецца, што цяпер там дазволяць правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Пры гэтым Ардэрн заклікала насельніцтва не губляць пільнасць, нягледзячы на тое, што распаўсюджванне каранавіруса знаходзіцца пад кантролем.

У жніўні кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданам Гебрэісус назваў Новую Зеландыю прыкладам для ўсяго свету, выдзеліўшы старанні мясцовага ўрада. 

Новая Зеландыя была першай краінай у свеце, што ў красавіку 2020 года заявіла пра перамогу над каранавірусам. Яна ўвяла строгія абмежавальныя меры ў самым пачатку эпідэміі. У пачатку чэрвеня там быў вылечаны апошні хворы для першай хвалі. Тады агульная колькасць інфікаваных у краіне склала 1 504 чалавекі, памерлі 22. Тэставанне на наяўнасць каранавіруса прайшлі 295 тыс. чалавек. Насельніцтва краіны складае 4,88 млн, г.зн. у два разы меней чым у Беларусі.

Другая хваля стартавала ў пачатку жніўня. За гэты час захварэлі 351 чалавек, найбольш — 14 за адзін дзень (1 верасня), сёння зафіксаваны 1 новы выпадак. Памерлі падчас другой хвалі 3 чалавекі. На сёння ў краіне хварэюць 40 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0