У МЗС расказалі, як праходзіць акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ па новых правілах. Адпаведная заява прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза размешчана на сайце ведамства.

Нагадаем, што 2 кастрычніка МЗС адмяніла акрэдытацыю ўсіх замежных журналістаў. Гэта было звязана з тым, што ведамства распрацавала новае Палажэнне аб акрэдытацыі. Прыём электронных заявак на новую акрэдытацыю пачаўся з гэтага панядзелка. 

Анатоль Глаз расказаў, што пададзена больш за 70 заявак амаль ад 15 замежных СМІ.

«Вядома, у першую чаргу, як і абяцалі, разгледзім раней пададзеныя заяўкі. Паспрабуем таксама аператыўна даць магчымасць працаваць хаця б некалькім журналістам розных сусветных СМІ, пакуль разглядаюцца дакументы іх калег», — сказаў прадстаўнік ведамства.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адназначны прыярытэт на гэтым этапе таксама будзе аддадзены грамадзянам тых краін, дзе зарэгістравана замежнае медыя.

«Сучасныя акрэдытацыйныя карткі новага ўзору таксама падрыхтаваны ўжо. Нейкія пытанні, зразумела, могуць узнікаць.

Напрыклад, ужо магчымы першы прэцэдэнт выкарыстання камісіяй пункта 11 палажэння, які датычыцца прынцыпу ўзаемнасці па тых выпадках, дзе прымяняюцца абмежавальныя меры ў адносінах да журналістаў беларускіх СМІ. Па ходзе работы камісіі сітуацыя будзе актуалізавацца», — дадаў Анатоль Глаз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0