Дэманстрант на Стэле Горада-героя Мінска. Фота Надзеі Бужан.

Дэманстрант на Стэле Горада-героя Мінска. Фота Надзеі Бужан.

У нядзелю 6 верасня дзясяткі тысяч чалавек рушылі ў бок Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Пратэсты адбываліся на фоне Сёмай сімфоніі Дзмітрыя Шастаковіча, якая гучала з дынамікаў Палаца спорту. Шастаковіч прысвяціў сваю сімфонію жыхарам Ленінграда, якія вытрывалі 871 дзень у нацысцкай блакадзе.

Сам кампазітар гэтак апісаў свой твор у газеце «Правда» ў сакавіку 1942 года: «Нашай барацьбе з фашызмам, нашай будучай перамозе над ворагам, майму роднаму гораду — Ленінграду прысвячаю сваю Сёмую сімфонію». Такое пасланне дэманстрантам праз 78 гадоў транслявалі і сучасныя ўлады сталіцы.

Мірныя пратэсты ў Беларусі спрабуюць дыскрэдытаваць праз адсылку да нямецкай акупацыі БССР.

Улады хочуць давесці, што дэманстранты з бел-чырвона-белымі сцягамі нібыта наўпрост звязаныя з фашызмам. Гэтак, дырэктар інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» пацвердзіў афіцыйную інтэрпрэтацыю, прывязаўшы бел-чырвона-белы сцяг да калабарацыянізму, калі беларускія нацыяналісты ў часе нямецкай акупацыі марна спрабавалі дабіцца ўтварэння ўласнай дзяржавы. Даніловіч парэкамендаваў дэманстрантам задумацца, перад тым як выходзіць на вуліцы з бел-чырвона-белай сімволікай.

Яму адразу ж адказалі дзясяткі гісторыкаў з яго ж установы, якія нагадалі, што ў 1991 годзе акурат Інстытут гісторыі НАН падрыхтаваў аргументы на карысць прыняцця бел-чырвона-белага сцяга як эмблемы першай беларускай незалежнай дзяржавы, маючы на ўвазе абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-м.

Доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук выступіў з адкрытым зваротам да Вячаслава Даніловіча: «Бела-чырвона-белы сцяг, пад якім у жніўні 2020 года праходзіць мірная беларуская рэвалюцыя, не можа быць скампраметаваны нават тым, што пад ім прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — сённяшні дыктатар Аляксандр Лукашэнка. У вырашальны момант гісторыі краіны кожны грамадзянін вымушаны выбіраць — на чыім баку яму стаць».

Смаленчука яшчэ ў 2005 годзе звольнілі з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо гісторык не раз нагадваў пра доўгую перадгісторыю экзістэнцыйных рашэнняў у беларускім мінулым і сучаснасці. Сёння ён займаецца гістарычнымі даследаваннямі ў Польскай акадэміі навук у Варшаве.

Музей Вялікай Айчыннай вайны ў гэтую нядзелю па ўсім перыметры абнеслі калючым дротам, за ім размясціліся атрады МУС, напагатове стаялі і бронетранспарцёры. Удзельнікі пратэстаў супраць міліцэйскага гвалту з дапамогаю «Тэлеграму» шукалі, як прайсці па вуліцах, перакрытых АМАПам. Гэта тыя ж амапаўцы, якія затрымалі большасць з 7000 арыштаваных у першыя дні пратэстаў. Музей быў цалкам ачэплены, таму дэманстранты рушылі да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Яна называецца Палац Незалежнасці, і ў гэтай назве ўтрымліваецца адзіны момант, з якім пагаджаюцца і Адміністрацыя прэзідэнта, і шырокая грамадзянская кааліцыя, — пытанне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Лукашэнка сцвярджае, што беларускаму суверэнітэту цяпер пагражае анексія з боку Польшчы. Гэта ён звязвае з 22-гадовым блогерам Сцяпанам Пуцілам, які вырас у Менску і на тэлеграм-канал якога падпісаныя больш за 2 млн чалавек. Аднак і Сцяпан Пуціла, і расейскі праграміст Павел Дураў, які стварыў «Тэлеграм» для бяспечнай камунікацыі ў Расеі, усяго толькі прапаноўваюць інфраструктуру, якая дазваляе людзям у Беларусі накіроўваць сваю незадаволенасць у палітычнае рэчышча. Усе відэа і фотаздымкі цяперашніх пратэстаў паходзяць з самой Беларусі.

Лукашэнка ж паклікаў у Мінск расейскіх журналістаў — пасля таго як забаставалі працаўнікі беларускага дзяржаўнага тэлебачання.

Пратэстоўцы ўспрынялі агульную медыйную карцінку, якая сведчыць пра згуртаванасць Лукашэнкі з Пуціным як знак слабасці. Таму сёння Лукашэнка ўжо больш не падаецца беларусам гарантам незалежнасці краіны.

Людзям, якія выйшлі на пратэсты пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і разгарнулі перад Музеем Вялікай Айчыннай вайны бел-чырвона-белыя сцягі, удалося пераасэнсаваць сімвал перамогі. Яны адмовіліся ад ужывання сілы супраць міліцыі і вербальных нападак на Расею.

Тым не менш, у барацьбе за свабодныя выбары і законнасць яны таксама выкарыстоўваюць сімвалічны арсенал Другой сусветнай вайны. Шок ад хаатычнага затрымання мінакоў на вуліцах і ад ідэалагічна матываваных фізічных і псіхічных катаванняў арыштаваных быў настолькі вялікі, што многім беларусам дзеянні АМАПу нагадалі злачынствы гестапа.

Сведкі жнівеньскіх падзей параўноўвалі ізалятар на завулку Акрэсціна ў Мінску з канцлагерам у Асвенціме (Аўшвіцы).

Беларуская пісьменніца Дыяна Балыка прыехала на Акрэсціна ў сярэдзіне жніўня, каб на свае вочы ўбачыць, што там творыцца.

Спрабуючы выразіць свой шок ад убачанага, яна ўзгадала візіт у Асвенцім: «Там да гэтай пары амаль не расце трава… Бо кожны малады веснавы парастак быў вырваны аслабелай рукой вязня. У ІЧУ на Акрэсціна няма травы. Там бетон…»

Бесперапынную хвалю рэпрэсіяў з боку дзяржавы, якая ўжо забрала жыцці прынамсі чатырох мірных дэманстрантаў, шмат хто апісвае як генацыд уласнага народу.

У краіне, дзе ў часе нямецкай акупацыі загінулі 1,7 млн чалавек, у тым ліку 600 тыс. габрэяў былі ахвярамі Халакосту, такія параўнанні выглядаюць перабольшваннем. Аднак яны дэманструюць ступень бяссілля перад абліччам дзяржаўнага апарату, які гатовы не толькі прымяняць сімвалічны гвалт, але і ўзмацняць гвалт фізічны.

1 верасня ва ўніверсітэтах на мірныя пратэсты выйшлі студэнты — і дзясяткі з іх былі затрыманыя. Яшчэ праз тыдзень атрадам АМАПу далі загад затрымліваць з прымяненнем сілы і жанчын.

Па ўсёй краіне дзеюць групы мужчын у масках, джынсах і майках — гэтыя невядомыя вылучаюцца асабліваю жорсткасцю і маюць права не называць сябе.

Дзяржаўны апарат штодня сее страх праз гвалт з боку міліцыі, у той час як дэманстранты працягваюць мірна пратэставаць з песнямі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Іх аб'ядноўвае перакананне, што цяпер ідзе экзістэнцыйная барацьба паміж дабром і злом. Толькі так можна патлумачыць шырока распаўсюджаныя згадкі пра перамогу ў Другой сусветнай вайне.

Лукашэнка, які ўжо даўно страціў сваю легітымнасць сярод большасці насельніцтва, спрабуе паставіць Вялікую Перамогу на службу прапагандзе ў медыйнай вайне пачатку ХХІ ст. А мірныя пратэстоўцы, параўноўваючы дзеянні ўладаў з фашызмам, спрабуюць прыцягнуць увагу да асіметрыі ў барацьбе вакол будучыні Рэспублікі Беларусь.

Ленінградскую сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча можна інтэрпрэтаваць двума спосабамі: па-першае, як манументальную падтрымку ў змаганні безабаронных людзей супраць магутнага ворага і, па-другое, як крытыку пампезнай дзяржаўнай улады, якая ў часе Вялікага тэрору 1937—1938 гг. (за некалькі гадоў да Другой сусветнай вайны) запусціла махавік гвалту супраць уласных грамадзянаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?