Пра гэта Лукашэнка распавёў сёння на нарадзе з сілавікамі і кіраўнікамі абласцей. Яго цытуе БелТА.
«Тая грамадзянка Беларусі і хатняя гаспадыня Ціханоўская сёння забылася, што прэзідэнт Беларусі яе выратаваў».
Лукашэнка распавёў, як у тыя дні выклікаў да сябе познім вечарам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка і даручыў яму «зняць з вуліц самае баявое падраздзяленне і ўзяць пад кантроль штаб апазіцыі».
«Была задача пераапрануць нашых хлопцаў з «Альфы» і ў той жа час, засвяціўшыся там, акуратна паказаць, што мы ўзялі пад кантроль гэты штаб», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На наступны дзень [10 жніўня — НН], распавёў кіраўнік дзяржавы, Святлана Ціханоўская папрасілася на прыём да міністра ўнутраных спраў, пра што Юрый Караеў далажыў прэзідэнту.
«Я адправіў туды двух чалавек: яго першага намесніка і кіраўніка ААЦ. У цэлым просьба была адна: «Калі ласка, перадайце прэзідэнту, я хачу з'ехаць з Беларусі: будзе бяда».
Мы разумелі, што можа быць бяда. І я аддаў распараджэнне: мы пад аховай, згодна з яе жаданнем, з людзьмі, пра якія яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезлі ў Літву да дзяцей.
І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч даляраў і аддалі ёй.
«Вялікі дзякуй вам», — плакала на шыі. Вывезлі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.