У сераду, 7 кастрычніка, на працягу ўсяго дня па горадзе збіраліся ланцугі салідарнасці. Сабраліся людзі і каля станцыі метро «Пушкінская» — на тым баку, дзе знаходзіцца народны мемарыял, прысвечаны забітаму 10 жніўня дэманстранту Тарайкоўскаму, піша «Еўрарадыё».

Трое хлопцаў — Арцём, Віктар і Дзяніс — прыехалі з іншага раёна падтрымаць жанчын у свой абедзенны перапынак. Але на працу ні ў той дзень, ні пазней не вярнуліся.

— Гэта мае сябры. Яны падчас абедзеннага перапынку надумалі зганяць у горад, падарыць кветкі дзяўчатам, — расказаў «Еўрарадыё» Яўген, знаёмы маладых людзей. — Як іх затрымалі, я дакладна не ведаю. Яны паехалі з «Пушкінскай» на «Каменную Горку», а дзесьці там іх затрымалі, бо прыйшоў SOS-сігнал каля Фрунзенскага РУУС.

Пасля затрымання хлопцаў перавезлі ў ізалятар у завулку Акрэсціна да суда. У аднаго з хлопцаў суд адбыўся на наступны дзень пасля затрымання, а дваіх судзілі 9 кастрычніка. У выніку ўсе трое атрымалі па 15 сутак арышту.

— Яны проста скінуліся, купілі кветак, надумалі парадаваць дзяўчат. Падазраю, што дзесьці на «Пушкінскай» іх заўважылі ціхары, далажылі. І ў раёне «Каменнай Горкі» затрымалі, — кажа Яўген. — Яшчэ і машыну, аказваецца, на экспертызу на месяц забралі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0