Фота з Маршу Дар'і Буракінай

14 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна разгледзелі справу 59-гадовай мінчанкі, якую затрымалі пасля Маршу пенсіянераў каля станцыі метро Акадэмія навук. Як паведаміў сын, жанчыне далі 13 сутак арышту, з моманту затрымання яна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. «Вядома, і мама, і я ў шоку, — кажа Сяргей. — Яе раней не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці», піша Tut.by.

Па словах сына, яго маці прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23. 34 КаАП) 12 кастрычніка, калі ў Мінску праходзіў Марш пенсіянераў.

— Заявілі, што яна брала ўдзел у незаконным мерапрыемстве, крычала «Жыве Беларусь!», хоць яна стаяла адна, калі да яе падышлі трое супрацоўнікаў і адвялі яе ў бусік, нічога не крычала, усе людзі ўжо разышліся, — кажа Сяргей.

Ён у той момант ехаў на сустрэчу да маці, не паспеў даехаць некалькі прыпынкаў, як яе затрымалі, пра што яна паведаміла яму па тэлефоне.

— Я прыехаў у Савецкае РУУС, бо мама паспела сказаць, што іх туды вязуць, там кажуць, што ў нас такой няма. Паехаў у Першамайскае РУУС, яно побач з месцам затрымання, і там кажуць, што такой няма. Тады я паехаў на Акрэсціна, там таксама адказваюць: у нас такой няма. Я да 4 раніцы не ведаў, дзе мама, кідаўся паміж РУУС і ізалятарам, каб высветліць. У выніку аказалася, што яна была ўсё ж такі ў Савецкім РУУС, пасля чаго яе павезлі на Акрэсціна.

Сёння, па словах Сяргея, матэрыялы справы адправілі на дапрацоўку ў РУУС.

— Мы з адвакатам чакалі, што суд будзе заўтра, але мне патэлефанавалі з суда літаральна за 20 хвілін да пачатку пасяджэння, сказалі, што будзе працэс — працягвае суразмоўца. — У выніку далі 13 сутак арышту. Вядома, і мама, і я ў шоку, яе раней не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. У судзе яна паспела сказаць, што ў яе падняўся ціск, пра ўмовы ўтрымання нічога сказаць не паспела. Будзем абскарджваць рашэнне суда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру