Расія не ўмешвалася ва ўнутраныя працэсы ў Беларусі і разлічвае, што і астатнія краіны не будуць навязваць Мінску свае рашэнні. Пра гэта ў чацвер заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, піша ТАСС.

«Расія не ўмешвалася ў тое, што там адбывалася. Мы разлічваем, што і ніхто не будзе ўмешвацца, ніхто не будзе раскручваць у сваіх інтарэсах гэты канфлікт і навязваць нейкія рашэнні беларускаму народу, — сказаў Пуцін. — Нічога, прыўнесенае звонку ўнутр той ці іншай структуры, таго ці іншага народа, таго ці іншага этнасу працаваць не будзе без уліку спецыфікі культуры і гісторыі народа».

«Трэба даць магчымасць самім беларусам спакойна разабрацца ва ўсёй сітуацыі, прыняць адпаведныя рашэнні, у тым ліку, магчыма, гэтыя рашэнні ляжаць на шляху ўнясення паправак у дзейную канстытуцыю альбо прыняцця новай канстытуцыі», — падкрэсліў Пуцін.

Пры гэтым Пуцін адзначыў, што, магчыма, у ходзе падзеяў у Беларусі была ўжыта «неапраўданая жорсткасць». «Ну тады хай адкажуць тыя, хто гэта дапусціў», — сказаў ён. Але ў цэлым, паводле яго слоў, «тое, што адбывалася ў Беларусі, выгадна адрозніваецца ад таго, што адбывалася на вуліцах некаторых буйных гарадоў развітых дэмакратый». «Ва ўсякім выпадку ў бяззбройнага чалавека ў спіну ніхто не страляў з баявой зброі», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0