Пасля акцый салідарнасці з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта адлічылі 9 чалавек. Разам са студэнтамі сышла і юрысконсульт Вольга Аўдзяйчук.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», у жанчыны ўзніклі справядлівыя пытанні да выключэння студэнтаў.

Аўдзяйчук замяняла начальніцу, пакуль тая была ў адпачынку. Атрымала загад аб адлічэнні студэнтаў, у якім былі моманты, што супярэчылі заканадаўству.

«У загадзе ў некаторых студэнтаў былі вымовы. За акцыю яны атрымалі вымовы паўторна, а на наступны дзень — загад аб адлічэнні. Гэта супярэчыць заканадаўству, бо за парушэнне мусіць быць ці вымова, ці адлічэнне — але не можа быць адно і другое адначасова. Плюс як мінімум у аднаго студэнта ўвогуле не было дысцыплінарных праблем, яго таксама нельга было адлічваць», — распавядае крыніца ва ўніверсітэце.

Аўдзяйчук пракансультавалася з начальніцай Таццянай Крывушчанкай. Тая пацвердзіла — адлічваюць з парушэннямі.

Пасля Аўдзяйчук пайшла да новага рэктара Аляксандра Бахановіча, каб растлумачыць яму, што загад на адлічэнне складзены з парушэннямі. У адказ пачула: тады мы з вамі не спрацуемся.

У выніку Вольга Аўдзяйчук напісала заяву на звальненне па ўласным жаданні. Сёння мела размову з рэктарам, ён спытаў, ці не перадумала яна. Жанчына адказала: не парушаць заканадаўства? Не перадумала.

Пасля чаго яе заяву на звальненне падпісалі.

Пакуль што Вольга Аўдзяйчук не хоча даваць каменты СМІ. Звязацца з рэктарам Бахановічам ці прарэктарам Ялавой не атрымалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0