Дзмітрый Кулакоўскі яшчэ нядаўна ўзначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Пасля выбараў заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе. Яго затрымалі недалёка ад дома — за «непадпарадкаванне» ён атрымаў 12 сутак арышту. У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Але на волю ён не выйшаў, на яго склалі новы пратакол, зноў за «непадпарадкаванне», і далі ўжо 15 сутак. Былы міліцыянер, па словах жонкі, утрымліваецца ў карцары, дзе спаць ён можа на табурэтцы або бетоннай падлозе, піша Tut.by.

Акрэсціна.

Акрэсціна.

Юлія Кулакоўская распавядае, што Дзмітрый працаваў у міліцыі з 2006 года. Дома захоўваюцца падзякі і прафесійныя ўзнагароды.

Як прагучыць пазней у судзе па адміністрацыйнай справе, перад выбарамі на Дзмітрыя прыйшоў дакумент з упраўлення ўласнай бяспекі, што ён «палітычна нядобранадзейны».

Яшчэ да затрымання была заведзена крымінальная справа па факце абразы супрацоўніка міліцыі. Дзмітрый Кулакоўскі праходзіў падазраваным па справе. Дома ў яго правялі ператрус, забралі некаторую тэхніку. Аднак пасля ператрусу, па словах родных, яго не затрымлівалі. Жонка кажа, што Дзмітрый не прызнаваў сябе вінаватым.

6 кастрычніка яго затрымалі недалёка ад дома. Згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, Кулакоўскі аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку ўпраўлення ўласнай бяспекі Гваздзю Л.Ю. — быўшы падазраваным у здзяйсненні злачынства адмовіўся засведчыць асобу або (менавіта ў такой фармулёўцы «або» ў пратаколе) адмовіўся прайсці ў РУУС, хапаўся за бардзюр.

Дзмітрый Кулакоўскі ў судзе Маскоўскага раёна заявіў, што нічога падобнага не рабіў. Суддзя Сяргей Кацар прызначыў яму 12 сутак арышту.

Той суд прайшоў без адваката, сваякі таксама даведаліся пра рашэнне постфактум.

18 кастрычніка Юлія Кулакоўская з бацькам і сяброўкай прыехалі на Акрэсціна, каб сустракаць Дзмітрыя, які ў 16.15 павінен быў выйсці на волю. Родныя прабылі каля ізалятара да 22 гадзін.

— Я папрасіла прыехаць адваката, і ўжо ёй сказалі, што Дзмітрый затрыманы па новым пратаколе. Як мы потым высветлілі, яму напісалі, што выйшаў з ІЧУ і аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку Савецкага РУУС, за што яго і затрымалі.

На наступны дзень адбыўся працэс у судзе Савецкага раёна. У матэрыялах справы адзначаецца, што праз пяць хвілін пасля вызвалення па першым адміністрацыйным арышце Кулакоўскага спыніў для высвятлення асобы участковы міліцыянер Савецкага РУУС Любімаў. Але Дзмітрый адмаўляўся сесці ў службовы аўтамабіль, за што яго і затрымалі. Дзмітрый заявіў у судзе, што ў названы час (16:20) ён быў у ІЧУ, непадпарадкавання не аказваў. Родныя выступілі сведкамі на працэсе, распавялі, што да 22 гадзін знаходзіліся ля ізалятара на Акрэсціна, адкуль Дзмітрый не выходзіў. Суддзя Марына Фёдарава прызначыла арышт на максімальна магчымы паводле арт. 23.4 КаАП тэрмін — 15 сутак.

— Дзмітрый паспеў сказаць, што з моманту затрымання і потым падчас адбыцця арышту 12 сутак ён знаходзіўся ў карцары, — кажа адвакат Наталля Тарасюк. — Па якой прычыне яго туды змясцілі, сказаць не мог, за плячыма ў яго ў гэты час стаялі супрацоўнікі ізалятара, размаўлялі мы па скайпе. Ніводнай перадачы яму не даставілі, хоць у жонкі вопратку і прадукты для яго прынялі. Ён не быў згодны з затрыманнем 6 кастрычніка, з тым, што яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні, таму ў знак пратэсту праглынуў чатыры металічныя прадметы. Па-добраму трэба рабіць рэнтген і глядзець, у якім ён стане. Але, паводле яго слоў, медыцынская дапамога яму не аказваецца. Трымаюць яго ў карцары, дзе ложак прышпілены да сцяны і днём, і ноччу, ёсць адзінае крэсла, на якім ён сядзіць 12 сутак і не спіць. Казаў, што апухаюць ногі, у яго цукровы дыябет другога тыпу. Праз адсутнасць сну яму цяжка сканцэнтраваць увагу. Пытанні я яму задавала па два разы. За ўвесь час утрымання ў ІЧУ я як адвакат ні разу не змагла да яго патрапіць, мяне проста не пускаюць, так што я не магу нават праверыць, у якім ён фізічным і псіхалагічным стане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?