З рэдакцыяй «Моцных Навін» звязалася гамяльчанка Анастасія. У сярэдзіне кастрычніка дзяўчына вярталася дадому з парасонам бел-чырвона-белага колеру. Раптам пад'ехаў аўтазак — і яе затрымалі.

Анастасіі сёння, 30 кастрычніка, споўнілася 18. Да паўналецця дзяўчына паспела пабываць у аўтазаку. 12 кастрычніка каля дзявятай гадзіны вечара яна ішла дадому па праспекце Леніна, недалёка ад плошчы. У руках у яе быў бел-чырвона-белы парасон. Раптам побач з'явіўся аўтазак. Быў панядзелак, у тым ліку і таму з'яўленне гэтай тэхнікі на вуліцы нечакана.

— Я нават скеміць не паспела. З аўтазака выбеглі трое супрацоўнікаў АМАПа, двое з іх мяне схапілі і завялі ўнутр. Пачалі мацюкацца, адразу сказалі, што ў мяне парасон бел-чырвоны — гэта сімволіка, прапаганда. І ў момант мой парасон пераламалі аб калена. Разумею, што гэта не такая вялікая страта, але так ці інакш гэта непрыемна, — распавядае дзяўчына. — Даведаліся імя, дзе вучуся. Пыталіся, чаго мне не хапае ў краіне, чаго я выйшла, пра бацькоў таксама, запалохвалі ўсю дарогу, як маглі. Ведаеце, гэта страшна, там сядзіць 15 супрацоўнікаў, ва ўсіх ёсць дубінка, усе ў масках. Яны ставяць сябе вышэй за цябе, а ты такая маленькая дзяўчынка сядзіш.

Прыкладна праз пяць хвілін, па словах Анастасіі, аўтазак спыніўся, у яго ўвайшоў чалавек без формы і апазнавальных знакаў. Далей з ёй кантактаваў ён.

— Тады я пачула ў свой адрас яшчэ больш мата. Ён пагражаў, што мяне адлічаць, паклаў мне ў кішэню невядомы пакет. Тлумачыў, што я сяду за гэта. Але я не стала з ім ніяк размаўляць. Прагучала фраза, што я потым буду ўсім распавядаць, як мяне білі — не спрачаюся, мяне ніхто не крануў, але гэта вельмі непрыемныя маладыя людзі. Я тлумачыла, што гэта проста парасон, што я проста ішла дадому, але мяне ніхто не слухаў. Слухаць пачалі ўжо ў РАУС.

Паводле Анастасіі, пакет з кішэні яе паліто дасталі толькі перад тым, як перадаць яе супрацоўнікам ППС. Потым гамяльчанку адвезлі ў Цэнтральнае РАУС.

— Далей [супрацоўнікі ППС і РАУС] са мной ужо размаўлялі адэкватна, [у мяне] прэтэнзій няма. У РАУС забралі тэлефон на пошук якой-небудзь інфармацыі. Потым склалі пратакол апытання, напісалі, што я нідзе не ўдзельнічала, і адпусцілі.

Нядаўна дзяўчыне прыйшоў ліст з АУС, там пазначана, што ў дачыненні да яе спынена адміністрацыйная справа.

— Афіцыйна мяне затрымалі за бел-чырвона-белы парасон, але я не згодна з гэтым, — тлумачыць Анастасія. — Мы ў заяве адзначалі, што калі ёсць нейкія дакументы, якія пацвярджаюць, што бел-чырвоны — гэта нейкая сімволіка, — хай дадуць. Але ў нас у краіне, наколькі я ведаю, такога няма.

У каледжы, дзе вучыцца Анастасія, даведаліся пра інцыдэнт.

— З аднаго боку, ніякай афіцыйнай паперы не прыйшло. У мяне мякка пыталіся пра маю пазіцыю, за што затрымалі, але ніякага ціску ў навучальнай установе не было.

29 кастрычніка сям'я адправіла заяву на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама.

Зламаны парасон Анастасіі ляжыць дома, дзяўчына купіла сабе такі ж новы і працягвае з ім хадзіць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру