Арына Каршунова сама адлічылася з 4 курса БДУ ў знак падтрымкі ўсіх рэпрэсаваных. Яна — дачка таго самага Генадзя Каршунова, які да нядаўняга часу ўзначальваў Інстытут сацыялогіі НАН.
Яна запісала відэа, мы апублікавалі яго ў сваім тэлеграм канале.
Вось цытаты з яго:
— Мы вельмі чакалі рэакцыі ад супрацоўнікаў факультэта на палітычную сітуацыю ў краіне, але не дачакаліся нават пасля збіцця першакурснікаў нашага факультэта. Ніводнага слова!
— Не магу ўявіць сабе, што застаюся вучыцца ў месцы, дзе я павінна вывучаць паняцці «правы чалавека», «свабода», «выбар», але самое гэтае месца не спрыяе праяўленню гэтых рэчаў.
— У падтрымку ўсіх рэпрэсаваных студэнтаў, навукоўцаў і выкладчыкаў па сваёй волі адлічваюся, я веру, што ў новай Беларусі я вярнуся на ФФСН, каб давучыцца і атрымаць дыплом, я веру ў студэнцтва, жадаю ўсім поспехаў. Жыве Беларусь!
ФФСН узначальвае Вадзім Гігін. Па словах Арыны, паняцце вучобы не абмяжоўваецца ўніверсітэтам — яна збіраецца ісці вучыцца на профільныя курсы: ІТ, замежныя мовы, культурніцкія курсы і г. д.
Заяву на адлічэнне ад яе прынялі, не задаўшы лішніх пытанняў.