Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава прыехала ў БДУ, каб пагутарыць са студэнтамі на тэму грамадска-палітычнай сітуацыі ва ўніверсітэце і краіне.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Канал «Студэнцкая думка» прыводзіць асобныя цытаты з дыялогу Качанавай са студэнтамі.

Сустрэча пачалася з абмеркавання вынікаў выбараў: студэнты кажуць пра фальсіфікацыі і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. Качанава так выказалася пра афіцыйныя вынікі выбараў: «Тое, як размеркаваліся галасы, — гэта праўда», а «каб быць прэзідэнтам краіны, мала гаварыць. Прэзідэнт павінен быць моцным палітыкам».

У адказ на пытанні аб мірных акцыях Качанава заявіла, што гвалт з боку сілавікоў недапушчальны, але і людзі нібыта здзяйсняюць незаконныя дзеянні, выходзячы на ​​»так званыя мірныя маршы». А потым стала прыводзіць прыклады Кыргызстана, Украіны і Нагорнага Карабаха.

Студэнт спытаў у Качанавай: «Чаму ніхто не панёс адказнасці за фальсіфікацыю выбараў?»

Качанава адказала: «Факты фальсіфікацыі не ўстаноўлены, адказнасць будзе тады, калі будуць факты».

Прагучала пытанне пра затрыманні, збіццё і арышты журналістаў, якія асвятляюць мірныя акцыі.

Качанава заявіла, што журналісты працавалі без акрэдытацыі, а пасля папрасіла не зацыклівацца на гэтай тэме: «Няўжо ў вас няма іншых пытанняў?»

Студэнты задалі пытанне аб прызнанні пропускаў з-за адміністрацыйнага арышту беспрычыннымі.

Качанава: «Я не ведаю рэкамендацыі Мінадукацыі, але гэта правільная рэкамендацыя. Таму што ўдзел у несанкцыянаванай акцыі незаконны. <…> І вы гэта ведаеце, але ўсё адно працягваеце ісці».

Качанава адзначыла: «Перад вамі ўлада ні ў чым не вінаватая. Яна стварыла ўсе ўмовы, каб вы вучыліся. Калі 75 гадоў таму мая мама дзіцём засталася сіратой і яны елі лебяду і пухлі ад голаду, асноватворным было накарміць вас. <…> І калі мая мама ў 89 гадоў кажа мне, што ніколі не думала, што перад смерцю ўбачыць вайну, — гэта страшна. І я буду рабіць усё, каб дастукацца да вас».

Пасля студэнт удакладніў: «Калі мы напішам свае просьбы і прыйдзем да вас, вы іх разгледзіце?»

Качанава адказала: «Пішыце, прыходзьце. Можа, я вам нават кубачак чаю налью».

Наталля Качанава пра Лукашэнку сказала:

«Я ў Мінску ўсяго пяць гадоў, і калі я стала працаваць з гэтым чалавекам, убачыла яго падыходы, яго каштоўнасці, і я зразумела, што толькі гэты чалавек можа быць прэзідэнтам».

На пытанне пра эканамічны стан Наталля Качанава сказала, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі найлепшая на постсавецкай прасторы. А пенсіі ў нас растуць, яны «не жабрацкія», і яе бацькі таксама на іх жывуць.

Студэнт спытаў пра армію пад апладысменты аўдыторыі: «Чаму ў нас ёсць прызыў у войска? У ХХІ стагоддзі абавязковы прызыў!»

Наталля Качанава парыравала: «Мне здаецца, такія людзі, як вы, павінны служыць у войску».

Студэнтка на сустрэчы спытала, чаму яе грамадзянская пазіцыя неяк адбіваецца на вучобе ва ўніверсітэце?

Адказ Качанавай быў такім:

«Калі вы баіцеся, што вас адлічаць, не хадзіце на акцыі. Каб не быць адлічанай з універсітэта, трэба добра вучыцца, не парушаць грамадскі парадак і не хадзіць на несанкцыянаваныя акцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0