Увечары пасля Марша 15 лістапада ў праўладных ананімных тэлеграм-каналах з’явілася відэа «размовы» з 17-гадовым юнаком. Здымка вядзецца ў машыне сілавікоў, хлопец прызнаецца, што нібыта збіраў «людзей на несанкцыянаваны мітынг, каб атрымаць грошы». І кажа на камеру, што, маўляў, грошы яму яшчэ не прысылалі. Пры гэтым дзіўна косіцца кудысьці ў бок, нібыта падглядвае тэкст — звярніце ўвагу на вочы. І ў канцы кажа аператару: «Я трошкі заблытаўся».
«Наша Ніва» пагаварыла з сям’ёй хлопца і ім самім.
«З сябрамі былі каля ГЦ «Рыга». І тут мне напісаў знаёмы хлопец, каб я падышоў на стаянку. Мы падышлі ўтрох, раптам пад'ехаў бус, і нас у яго закінулі сілавікі», — расказвае Мікіта, хлопец з відэа.
Ён кажа, што ўсіх траіх затрыманых абшукалі, праверылі кішэні і тэлефоны, торбы.
«У мяне была барсетка, такая невялікая торба. У ёй былі 35 рублёў, якія пасля гэтага ўсяго зніклі. Заўважыў я гэта ўжо дома, калі вярнуўся. Цяпер думаю, што рабіць: ці пайсці заяву на іх напісаць? Можа, вы параіце?
Пасля мы пад'ехалі да РУУСа. Сяброў вывелі з буса, мяне пакінулі. Застаўся я і яшчэ двое ці трое сілавікоў, — згадвае Мікіта. — Перад тым, як запісваць відэа, адзін з сілавікоў сказаў мне, што трэба будзе гаварыць. Я спачатку адмовіўся. Тады мяне ўдарылі пару разоў пластыкавай бутэлькай па галаве. Затым пагражалі. Палохалі электрашокерам, казалі: «Мы скажам, што ты збягаў і цябе расстраляем».
Прыйшлося сказаць, што яны хацелі. Яны знялі гэта на маленькую камеру, а пасля знялі яшчэ маю руку: на ёй татуіроўка «полымя».
Затым хлопца адвялі ў РУУС.
«Спачатку паставілі нас да плота. Затым дзяўчына-інспектар, якая перапісвала даныя, забрала мяне ў памяшканне. У РУУСе было нармальна. Там нейкую паперу склалі, я не ведаю, пратакол гэта быў ці не, я падпісаў», — кажа Мікіта.
Ён кажа, што аднаго з сяброў, якому ўжо споўнілася 18 гадоў, пакінулі ў міліцыі, а другога, непаўналетняга, аддалі бацькам. Самога Мікіту пасля забрала маці.
Ганна, маці хлопца, заклікае звярнуць увагу на міміку сына на відэа:
«У яго сасуды галаўнога мозгу блізка размешчаныя, і калі яму баліць галава, ён заўсёды жмурыцца. І на запісу бачна, як ён жмурыцца ад болю».
Ганна кажа, што будзе разбірацца з гэтай гісторыяй.
«Я звязалася з праваабаронцамі, будзем вырашаць, што рабіць. Яны абяцалі дапамагчы, — кажа жанчына. — Зразумейце, ў гэты раз сына затрымалі абсалютна выпадкова.
У канцы кастрычніка ён свядома выходзіў на вуліцу са сцягам на плячах, і на яго тады складалі пратакол. Неўзабаве нас чакае камісія па справах непаўнагадовых у сувязі з гэтым.
Калі сын тады выходзіў, я ганарылася ім, была рада за яго! Але патлумачыла яму пасля, што ўсё ж варта пачакаць да 18 гадоў…
А цяпер ён нікуды не хадзіў і не ўдзельнічаў ні ў якіх мітынгах. Забралі ні за што».
Сам Мікіта дадае:
«Той сябар, які паклікаў мяне на стаянку, распавёў, што гэта пісаў не ён. Па словах сябра, яго самога затрымалі, прымусілі разблакаваць тэлефон і самі сілавікі з яго тэлефона мне пісалі. Прынамсі, так мне расказаў той сябар.
Па яго словах, сілавікі таксама паказвалі яму маю фотку ў чорнай масцы, казалі, што я збіраю людзей на мітынгі на Рызе, што ёсць сведкі гэтаму. І што мне нібыта плацяць грошы за гэта.
Але ж гэта няпраўда. Я вучуся ў каледжы і падпрацоўваю пасля прадаўцом на «Экспабеле» — якія мітынгі?»





