З пачатку восені ў Нісімавіцкім сельсавеце Чачэрскага раёна ваўкі загрызлі сем сабак. Аб некалькіх інцыдэнтах паведамляюць Моцныя навіны са спасылкай на «Чачэрскі веснік».

Так, напрыклад, у Бабічах загінулі адразу тры сабакі. У Гацкім ахвярай стаў дварняк, што быў на ланцугу. У яшчэ адным выпадку драпежнік схапіў сабаку і адцягнуў ад населенага пункта.

Ваўкі часцей за ўсё сустракаюцца ў аддаленых і маланаселеных вёсках, аднак, па словах старшыні Нісімавіцкага сельсавета Жанны Малінавай, драпежніка можна сустрэць нават у цэнтры аграгарадка. Пры гэтым кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Леанід Азерскі падкрэслівае: «Страляць у ваўкоў у межах населенага пункта паляўнічым нельга. Гэта можна зрабіць толькі на адлегласці 200 метраў ад крайняга будынка».

Ён таксама кажа пра тое, што ваўка можна закалоць віламі, але ў хвіліны небяспекі гэты варыянт можа не спрацаваць. Таму лепшае рашэнне — задзейнічаць сілы паляўнічых.

Пры гэтым Леанід Азерскі папярэджвае: страляць ля межаў зон адсялення і адчужэння нельга. Гаворка ідзе аб вёсках Высокая Грыва, Будзішча, Усошнае, Гацкае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0