Пра суды па артыкуле 23.34 калісьці напішуць трагікамедыю. Пратаколы, складзеныя як пад капірку, сведкі ў балаклавах пад канспіратыўнымі прозвішчамі Македонскі і Пушкін… «Наша Ніва» падзяжурыла ў панядзелак у адным з судоў і паглядзела на гэты канвеер.

Месца дзеяння — суд Першамайскага раёна Мінска. Галоўныя дзеючыя асобы вызначаюцца ў вестыбюлі, дзе на стэндзе вісіць расклад пасяджэнняў. Справы па 23.34 сёння разглядае толькі трое суддзяў.

Яўген тут чакае з дзявятай раніцы. Шукае інфармацыю пра жонку — выкладчыцу БДУІРа Юлію Пашкоўскую, якую затрымалі каля дома.

«Дзіця сяброўкі баялася вяртацца, яны пайшлі яго сустракаць. Жонка заадно выгульвала сабаку. Зрабіла сілавікам заўвагу, што яны дзецей пужаюць, — яе разам з джэк-расэлам у аўтазак і загрузілі. Пасля там пярэпалах пачаўся, сабаку сяброўцы ў рукі аддалі, а жонку ў РУУС павезлі.

Старэйшы сын ведае, дзе мама, а малодшаму сказалі, што яна дапамагае затрыманым АМАПам. Ён ведае, хто гэта, бо яны часта бегаюць у нас пад вокнамі».

Дзецям 5 і 14 год. Сёння суд над іх мамай не адбыўся, а значыць, яшчэ адну ноч яны правядуць без яе.

Па панядзелках судовы канвеер запускаюць на поўную моц. 10 хвілін на чалавека — стандартны таймінг пасяджэнняў без адваката. Бухгалтарка — 14 сутак, беспрацоўны — 15, магістр навук з трыма дзецьмі — таксама 15. Віну прызнаў — 14 сутак, не пагадзіўся з пратаколам — 15.

«Не шукайце тут логікі, — кажа валанцёрка Каця. — За ўвесь час, што я дзяжуру, ні разу не трапіла на апраўдальны прысуд».

Сваякі на разгляд спраў не паспяваюць. Мы з Кацяй некалькі пасяджэнняў запар сядзім удвух і запісваем, што адбываецца. Хтосьці з затрыманых адмаўляецца ад тлумачэнняў, хтосьці ўдакладняе, што пратэстуе супраць гвалту і беззаконня.

Каця ў валанцёрах з верасня. Раней працавала псіхолагам у школе. Дагэтуль памятае заплаканыя твары выпускніц, якія пад дзвярыма так і не дачакаліся пратаколаў з выбарчых участкаў. На судах яна дзяжурыць тры дні на тыдзень.

«Ёсць валанцёры, якія аддаюць справе кожны дзень у шкоду свайму псіхічнаму стану. Мне здаецца, гэта не зусім правільна. Бо, дапамагаючы іншым, трэба не забываць клапаціцца пра сябе», — лічыць яна.

Каця была на розных пасяджэннях (можа нават наўскідку назваць, хто будзе ў сведках ад міліцыі). На адным з іх 65-гадовай пенсіянерцы далі 15 сутак: пабачылі, што яна былая народная засядацелька. Бываюць камічныя сітуацыі.

«Судзілі жанчыну. Яна расказвала, што ішла ў краму па рыбу, бо нядзеля ў іх сям’і — рыбны дзень. Сведкам выклікалі мужа. Той паведаміў, што жонка паехала ў ЦУМ, каб памяняць кофтачку, а пра рыбу не чуў ніколі», — дзеліцца Каця.

Бліжэй да абеду ў вузкім калідоры заняты ўсе лаўкі. Вольга прыйшла на суд да знаёмай.

«Ні разу не была ў судзе. Хацела ўпэўніцца, што ён праходзіць так, як пра яго расказваюць, убачыць гэты цырк. Ну і так, каб суддзя ведаў, што мы сочым — такі грамадзянскі кантроль», — тлумачыць Вольга.

Дзяцей у яе знаёмай няма — толькі два каты, але наўрад ці іх залічаць як змякчаючыя акалічнасці.

«О, дзе яшчэ можна сустрэць бацькоў з дзіцячага садка!» — вітаецца яна з мужчынам у калідоры.

Суда над стаматолагам-хірургам Аляксеем Баркоўскім чакае цэлая кампанія — сябры і мама. Дзяўчаты збіраюцца быць сведкамі: па пратаколе доктар удзельнічаў у масавым мерапрыемстве, а па факце — стаяў у адзіночным пікеце з бел-чырвона-белым сцягам. Ці дапаможа гэта сябру, не ведаюць, але хочуць зрабіць усё, што ў іх сілах.

Мама Ірына таксама стаматолаг, у іх сямейная клініка.

«Я гэту ноч правяла спакойна — хваляваннямі я ж ніяк не дапамагу. У мяне ёсць унутраная апора, таму таблеткі не спатрэбіліся. Паспела пабачыць сына праз скайп, выглядае бадзёра, не білі. Ён першы раз затрыманы, але я маральна гатова, што могуць даць 15 сутак. Сын, думаю, таксама», — разважае Ірына.

Так доўга чакаць ёй не прыйдзецца — Аляксею далі 30 базавых. Кажуць, быў добры адвакат.

На першым паверсе справы па 23.34 разглядае суддзя Настасся Кулік. Зграбная маладая жанчына, у чорных туфлях на танкетцы і адпрасаванай мантыі. Акуратны манікюр, акуратная прычоска. Да абавязкаў яна ставіцца гэтак жа выканаўча, як і да знешняга выгляду: затрыманы — значыць, вінаваты.

«У яе працэсы адэкватна праходзяць. А ёсць жа суддзі, якія пачынаюць павучаць. Маўляў, вы што, не маглі выказаць пратэст інакш? Інтэрнэт не глядзіце, не ведалі, што ў горадзе адбываецца?» — дзеліцца назіраннямі валанцёр Дзіна.

Яна з адукацыі юрыст, мае свабодны працоўны графік, таму перыядычна дзяжурыць у судах. З абурэннем расказвае, як у Цэнтральным неяк забаранілі нават спісы пасяджэнняў фатаграфаваць. Заўважае, што сярод суддзяў апошнім часам з’яўляюцца новыя твары: гэтыя маладзенькія дзяўчаты па кожным хадайніцтве бегаюць раіцца з кіраўніцтвам.

На другім паверсе засядае Максім Трусевіч. Перадавік, можна сказаць: гэты суддзя ад часоў выбараў вынес ужо больш за 1000 сутак адміністрацыйнага арышту. Ён заняў пасаду толькі ў мінулым годзе, калі быў прызначаны ў якасці падмены — папярэдняя суддзя сышла ў сацыяльны адпачынак. Трусевіч — брунэт гадоў 30-35 з даўгімі пальцамі і начышчанымі чаравікамі. Справа ад яго стос кніг па правах чалавека.

«Нічога я не крычаў, ішоў з крамы, пасля да сястры збіраўся», — дае яму тлумачэнні праз скайп нежанаты мужчына з вышэйшай адукацыяй.

«Што набыць хацелі?» — «Мандарыны». — «Купілі?» — «Не». — «Чаму?» — «У «Кароне» аказаліся дарагія, а ў «Суседях» не было. Калі пабеглі людзі, таксама пабег — я ж навіны чытаю. Мяне ў бруд павалілі, на гэтым гісторыя скончылася».

Трусевіч скарагаворкай зачытвае рашэнне — 15 сутак. Будзённа, быццам размяркоўвае прафсаюзныя пуцёўкі ў санаторый.

За гэтыя месяцы людзі настолькі прывыклі да таго, што адбываецца ў судах, што не здзіўляюцца максімальным прысудам. Не плачуць. Абмяркоўваюць, як бы патрапіць у поле зроку скайп-камеры і перадаць прывітанне.

Ірына, праўда, хвалюецца. Яе тату 62 гады. На гэтым тыдні яму абавязкова трэба зрабіць укол — у яго адслаенне сятчаткі, і штомесячныя ін’екцыі нельга прапускаць. Ірына зранку ўжо з’ездзіла ў клініку па даведку. Бацьку затрымалі на вуліцы Олешава: ён гутарыў з дачкой праз тэлефон, калі амапаўцы пачалі адціскаць людзей да сцяны.

З-за дзвярэй выглядае адвакат. «Ён у вас малайчына, трымаецца», — падбадзёрвае сям’ю пасля кароткай гутаркі з затрыманым.

Калі Ірына выходзіць пасля пасяджэнне, рукі ў яе трасуцца.

«30 базавых! — радуецца яна штрафу. — У мяне ногі ватныя. Едзем забіраць тату».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1