Фота Надзеі Бужан
У СІЗА КДБ, як і ў любы іншы ізалятар, нельга наўпрост перадаць кнігі. Зняволены можа ці браць кнігі ў мясцовай бібліятэцы, або купляць па спісе ў кнігарні. Так павінна быць па законе, бо чытанне, як і перапіска, — гэта адно з правоў зняволенага, нагадвае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
На практыцы ўжо месяц як Віктар Бабарыка сутыкнуўся з невытлумачальнай праблемай: ён афармляе заяву на кнігі, якія можна купіць у Цэнтральнай кнігарні, але кнігі проста не закупляюць і не выдаюць яму. Хоць яго заявы ўтрымліваюць усе неабходныя звесткі.
Віктар Бабарыка любіць чытаць. Адна з самых любімых яго кніг — «Уладар пярсцёнкаў».
Таксама ў тэлеграм-канале нагадваецца, што ў 2018 годзе Віктар Бабарыка выступаў у Віцебску на прэзентацыі цыкла кніг Святланы Алексіевіч «Галасы Утопіі». На выданне кніг грошы збіралі праз краўдфандынг, але значную суму ўнёс Белгазпрамбанк. Кіраўніцтва банка бясплатна перадало частку накладу ў бібліятэкі Беларусі.
Экс-прэтэндэнт у прэзідэнты ад 18 чэрвеня знаходзіцца за кратамі.





