Урачыстасць прайшла 22 лістапада. У гэтым мястэчку, што пад Брэстам, адбылася важная для тутэйшай каталіцкай парафіі падзея: бласлаўленне адбудаванай святыні і першая святая імша ў ёй, піша catholic.by.

Абрад бласлаўлення адноўленага касцёла здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел таксама святары з суседніх парафій Брэсцкага дэканата: кс. Павел Халяўкін, дэкан Брэсцкі і пробашч парафіі ў Чарнаўчыцах, кс. Віктар Барысевіч, пробашч парафіі ў Камянцы, а таксама канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка.

Касцёл у Воўчыне быў пабудаваны кракаўскім каштэлянам Станіславам Панятоўскім, бацькам будучага караля Станіслава Аўгуста, у 1729-1731 г. Гэта быў мураваны касцёл, спраектаваны ў ватыканскай манеры рымскай архітэктуры Ёганам Зыгмундам Дэйблам. Неўзабаве пасля заканчэння будаўніцтва святыні ў Станіслава Панятоўскага нарадзіўся сын Станіслаў, будучы польскі кароль, які быў у ёй ахрышчаны.

У 1750-я мястэчка стала важным цэнтрам грамадскай і культурнай актыўнасці князёў Чартарыйскіх. Пазней у воўчынскім касцёле і быў перапахаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

У 1866 г. царскія ўлады адабралі касцёл у мясцовай каталіцкай парафіі, часткова яго разбурылі і пераабсталявалі. Толькі ў 1918 г. католікі змаглі вярнуць сабе святыню. У 1924 г. каля касцёла была пабудаваная плябанія ў неабарочным стылі для пражывання святара. У 1945 г. касцёл зноў перажыў частковае разбурэнне. Парафія адрадзілася на пачатку 1990-х гадоў, адрадзілася мясцовая парафія, і вернікі пачалі падрыхтоўку да аднаўлення святыні. Грунтоўныя працы па адраджэнні касцёла распачаліся ў 2009 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?