24 лістапада ў Эканамічным судзе Мінска быў адноўлены працэс па справе Tut.by, што абскарджвае пазоў Мінінфарма аб пазбаўленні партала статусу СМІ. Прадстаўнік дзяржоргана настойвае на раней выстаўленых патрабаваннях, кажа, што недакладная інфармацыя магла нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, было парушана канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне праўдзівай інфармацыі аб дзейнасці дзяржорганаў. У судзе прагучалі агульныя фармулёўкі, без канкрэтызацыі, пра якую канкрэтную шкоду ідзе гаворка. Працэс вядзе суддзя Іван Майсейчык, піша Tut.by.

Пачынаючы з 7 жніўня 2020 года Tut.by атрымаў чатыры папярэджанні. Прэтэнзіі ад ведамства прыйшлі пасля матэрыялаў «У сем разоў больш выбаршчыкаў і «таемныя» пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?», «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах», «Да рэдактара Tut.by прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў «Гары Потэры» няма заклікаў да звяржэння ўлады».

Страціць статус СМІ можна пасля вынясення двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу года.

18 верасня Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання Tut.by. Пасля гэтага, 29 верасня, рэдакцыя атрымала загад міністра інфармацыі Ігара Луцкага: з 1 кастрычніка Tut.by часова пазбаўляецца статусу СМІ.

Tut.by не згодны з вынесенымі папярэджаннямі і абскардзіў іх у Вярхоўным судзе, папярэджанне па матэрыяле «Да рэдактара Tut.by прыйшлі сілавікі. На яе дачкe завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках» прызнана несапраўдным.

Інтарэсы Tut.by абараняюць генеральны дырэктар ТАА «ТУТ БАЙ медыя» Людміла Чэкіна і адвакат Сяргей Зікрацкі. Юрыдычную падтрымку ў фарміраванні прававой пазіцыі Tut.by таксама аказвае каманда юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнёры» ў складзе старшых юрыстаў Ганны Цымбаліст і Ксаны Сідарук.

Інтарэсы Міністэрства інфармацыі ў Эканамічным судзе Мінска, як і ў Вярхоўным судзе, прадстаўляе адвакат і партнёр адвакацкага бюро «Прынцыпал» Таццяна Шпілеўская. На яе думку, названыя публікацыі парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян — права на дакладную інфармацыю аб дзейнасці дзяржаўных органаў, могуць нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Адвакат Сяргей Зікрацкі з гэтым не пагадзіўся:

— На сёння ёсць тры папярэджанні ў адрас Tut.by. Усе яны датычацца нязначных недакладнасцяў, якія ўтрымліваліся ў матэрыялах. Недакладнасці былі аператыўна ліквідаваныя і не прычынілі шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Tut.by — самае папулярнае ў Беларусі сеткавае выданне. Мяркуем, што пазбаўленне статусу СМІ можа пацягнуць парушэнне правоў грамадзян на доступ да інфармацыі, паколькі супрацоўнікі Tut.by не будуць з'яўляцца журналістамі, як гэта прадугледжана ў законе «Аб СМІ», яны будуць абмежаваныя ў шэрагу правоў па зборы і распаўсюджванні інфармацыі. Акрамя таго, пазбаўленне статусу СМІ негатыўна адаб'ецца на інфармацыйным складніку ў краіне, паменшыць значэнне беларускіх медыя, а гэта супярэчыць канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, дзе падкрэсліваецца неабходнасць развіваць нацыянальныя СМІ, абараняць нацыянальныя рынкі інфармацыйных паслуг.

Бакі выказалі пазіцыю па пазове, на гэтым папярэдняе судовае пасяджэнне па справе было скончана. Судовае разбіральніцтва працягнецца 3 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?