vk.com/ritadakotaofficial
Спявачка родам з Мінска Рыта Дакота паведаміла, што яе сталічны канцэрт пройдзе не 10 снежня, а толькі ў 2021 годзе, піша Tut.by.
Выканаўца патлумачыла гэта так:
— Я не прыеду ў Менск не толькі таму, што паеду з аэрапорта адразу ў «канцлагер» на Акрэсціна.
А ў першую чаргу таму, што не хачу ніводнага рубля прыносіць у казну рэжыму. Патрывайце трошкі. Хутка праспяваем ў новай свабоднай Беларусі.
Рыта паабяцала, што да новай даты канцэрта падрыхтуе «магутнае новае музло». Квіткі на перанесены выступ застаюцца сапраўднымі.
Дакота актыўна выказваецца аб пратэстах у краіне і называе сябе «апазіцыянерам». Адразу пасля выбараў спявачка выпусціла палітычны трэк «Уходи», грошы ад спампоўванняў якога пайшлі на дапамогу ахвярам пратэстаў. А нядаўна ў праграме «Скажы Гардзеевай» Рыта распавяла пра намёкі «зверху» аб адмене снежаньскага канцэрта ў беларускай сталіцы.
— Тэлефанавалі майму канцэртнаму дырэктару і казалі: «Вы разумееце, што канцэрт не адбудзецца? Адмяняйце лепш самі». Але мы нічога не адмянілі. Я вельмі веру ў тое, што прылячу ў новую, незалежную, вольную краіну і спяю для сваіх людзей.





