У студэнта, які памёр, быў прыступ эпілепсіі. Пра гэта інфармуе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Па звестках ведамства, загінулы — трэцякурснік Акадэміі музыкі. З 18 лістапада малады чалавек знаходзіўся на каранціне ў ізалятары інтэрната БНТУ, бо ў яго дыягнаставалі каранавірусную інфекцыю.
У 04:00 25 лістапада хлопцу стала дрэнна. Яму выклікалі хуткую дапамогу. У інтэрнат прыбыла рэанімацыйная брыгада, медыкі прыступілі да рэанімацыйных дзеянняў, аднак выратаваць студэнта не ўдалося.
— Па словах відавочцаў, у студэнта развіўся прыступ эпілепсіі. Дакладныя прычыны цяпер высвятляюцца, — адзначылі ў Міністэрстве.
Таксама ў ведамстве прывялі словы загадчыка кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Юрыя Горбіча пра тое, што пры COVID-19 магчыма паражэнне цэнтральнай нервовай сістэмы: пачынаючы ад мінімальных праяваў па тыпу дэпрэсіі і заканчваючы развіццём цяжкіх паражэнняў цэнтральных аддзелаў нервовай сістэмы — энцэфалітаў і менінгаэнцефаліта.





