24 лістапада ўвечары знік журналіст Ігар Ільяш, па месцы яго жыхарства брат знайшоў толькі пратакол канфіскацыі камп’ютара і тэлефона. Потым Ігара знайшлі на Акрэсціна, праз дзень яго асудзілі на 15 сутак арышту.

Ільяш — гэта муж журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай, якая цяпер знаходзіцца ў жодзінскай турме па крымінальным артыкуле.

«Наша Ніва» паразмаўляла з братам журналіста Вадзімам Ільяшом пра яго дзяцінства, захапленні і працу.

Ігар Ільяш. Фота з фэйсбука.

Ігар Ільяш. Фота з фэйсбука.

«Ігар нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску, я старэйшы за яго на сем гадоў, у нас ёсць яшчэ старэйшая сястра. Дзяцінства наша прайшло на вуліцы Ангарскай.

Наш тата ўсё жыццё адпрацаваў на заводзе МАЗ, ён памёр у мінулым годзе. Заслужаны работнік МАЗа, ён працаваў у бюро, якое займаецца гарантыйным абслугоўваннем. У савецкі час ездзіў па ўсіх рэспубліках. Хаця ён даўно быў пенсійнага ўзросту, з ім увесь час працягвалі кантракт. Калі здарылася няшчасце, то прыехала шмат вельмі людзей. Мама — медработнік, яна цяпер на пенсіі.

Ігара з дзяцінства адрознівала тое, што ён быў схільны да аналізу, ніколі не быў сарвігалавой. Ён нешматслоўны, вельмі стрыманы. Брат ад самага ранняга дзяцінства шмат чытаў, у яго выдатны музычны густ, літаратурны, як у паэзіі, гэтак і ў прозе. Ягонымі арыенцірамі былі Бродскі, Даўлатаў, з музыкі — The Beatles.

Дастаткова рана ён зразумеў, што мае цікавасць да працы са словам. Ігар заканчваў беларускую філалогію БДУ. Ён абраў для сябе шлях журналіста і зразумеў, у якой тэме хоча развівацца. Гэта не спартыўная журналістыка, не свецкая хроніка. У яго вялікая цяга да гісторыі, ён для сябе вызначыў, што хоча быць палітычным аглядальнікам.

Пачынаў працаваць у выданні «Беларусы і рынак», потым працаваў у мінскім офісе радыё «Свабода», а ад 2017 года разам з Кацярынай яны перашлі на «Белсат».

У іх сям'і ёсць дакладнае размежаванне сфер. Калі Каця — журналіст з месцаў падзей, ёй падабаецца жывы эфір, адчуванне ўсяго тут і цяпер, то Ігар больш схільны да аналізу, прагнозу. У гэтым плане яны вельмі добра адно аднаго дадаюць, унутры іх сям'я сцякаецца інфармацыя з розных крыніц.

Пасля пачатку канфлікту на усходзе Украіне Ігар вельмі зацікавіўся тэмай удзелу беларусаў у гэтай вайне, прычым з розных бакоў — і «ДНР», і Украіны. Разам з Кацяй яны доўга прапрацоўвалі тэму, я думаю, што ў нашай краіне яны адзіныя спецыялісты тут. Вынікам іх працы стала кніга «Беларускі Данбас», дзе падрабязна апавядаецца пра ўдзел беларусаў і Беларусі ў канфлікце. Яны вельмі ганарацца вынікам сваёй працы. Першая кніга выйшла гэтым летам, але ў іх ужо былі прапановы на другую кнігу. Наколькі я ведаю, збор інфармацыі яны ўжо пачалі.

На судзе над Ігарам я максімальна спрабаваў заняць нейтральную пазіцыю і слухаць абодва бакі. Але з улікам майго жыццёвага досведу, ведаў, логікі і здаровага сэнсу пазіцыя Ігара і яго адваката выглядалі пераканаўча. Пазіцыя ж абвінавачання была надуманай. Цяжкае ўражанне гэта ўсё пакінула, адчуванне поўнай безабароннасці.

Пагаварыць з самім Ігарам нам не атрымалася. На сёння я спрабаваў зрабіць перадачу ў ІЧУ на Акрэсціна, заняў чаргу а шостай ранку, але ў спісах яго не было.

Потым я абзваніў Баранавічы, Жодзіна, Магілёў, але на цяперашні момант нідзе яго няма.

Яны спрабуюць ускладніць і так не самае прыемнае чаканне», — расказаў Вадзім.

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з фэйсбука.

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з фэйсбука.

Незадоўга да арышту пра свой шлюб з Андрэевай Ігар расказваў наступнае: «Мы пазнаёміліся ў 2015 годзе. Я не так даўно быў журналістам «Радыё Свабода», а Каця ўвогуле толькі пачынала шлях у журналістыцы, прыйшла супрацоўнічаць з рэдакцыяй. Ёй была вельмі цікавая тэма ўдзелу беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны, мне таксама. Мы аб’ядноўвалі намаганні, працавалі разам, так і закахаліся адно ў аднаго. А троху больш чым праз год пасля знаёмства згулялі вяселле», — казаў Ігар.

Глядзі таксама: Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?