Палітарыштант са слядамі пабояў на твары і абліты нейкай вадкасцю. Скрыншот з відэа АНТ.

Палітарыштант са слядамі пабояў на твары і абліты нейкай вадкасцю. Скрыншот з відэа АНТ.

Апошнім часам па дзяржаўным тэлебачанні і на старонках МУС, пракуратуры, СК у інтэрнэце часта паказваюць сюжэты, у якіх схопленыя органамі людзі прызнаюцца ў здзейсненых парушэннях і выказваюць сваё раскаянне.

Выгляд у многіх з іх жахлівы — адразу відаць, што перад тым, як паставіць перад камерай, гэтых людзей моцна білі ці катавалі пры дапамозе «спецсродкаў». Прытым «раскаянне» ідзе фактычна адразу пасля здзяйснення парушэння. Карацей, у ступені ягонай шчырасці ні ў каго сумневаў няма — адпаведна і няма ніякіх іншых адчуванняў у дачыненні таго, хто «раскалоўся», як толькі шкадаванне. 

Некаторыя з гэтых відэа настолькі выразныя, што некалі могуць быць прынятыя як доказы катаванняў беларускім ці міжнародным судом.

Канвенцыя супраць катаванняў, прынятая ААН у 1984 годзе, устанавіла ў дачыненні да катаванняў так званую «ўніверсальную юрысдыкцыю». Гэта азначае, што вінаватыя ва ўжыванні катаванняў могуць крымінальна пераследавацца ўладамі любой дзяржавы, незалежна ад грамадзянства вінаватых і месца здзяйснення імі дзеяння.

Дзеля чаго тады самі выканаўцы паказваюць нам такія кадры? Відавочна, што стаўка не на нейкае перакананне, а на банальнае застрашванне.

Ім няважна, каб чалавек на камеру сказаў нешта пераканаўчае і нехта ў ягоныя словы паверыў, а важна тое, каб ён з'явіўся на экране менавіта ў такім выглядзе.

Гэтым даносіцца пасланне — так, мы ні перад чым не спынімся, сумлення і ўвогуле нейкіх тармазоў у нас няма, ні на што такое не разлічвайце. Не майце ніякіх ілюзій.

А паколькі ў нас у руках сіла, законы адмененыя, а маральныя стрымкі абсалютна адсутнічаюць, то трапляць нам у рукі проста смяротна небяспечна. Мы люта б'ём, труцім газам, катуем і здзекуемся любымі даступнымі спосабамі — і зусім не хаваем гэтага, паглядзіце на відэа. Тое ж, што мы яго самі выстаўляем і дэманструем, сведчыць пра тое, што масты ў нас спаленыя, мы гатовыя ісці да канца і любыя замахі на наша панаванне з боку халопаў будзем жорстка абсякаць.

Таму, пакуль не позна, спыняйцеся самі, калі не хочаце апынуцца на месцы гэтага хлопца. А што вы пра нас думаеце, нам глыбока паралельна — галоўнае, каб пакорліва сядзелі ў стойле.

Нас не абавязкова любіць, галоўнае — панічна бойцеся.

Чытайце таксама.
Віктар Марціновіч: Адзіны мэсідж дзяржпрапаганды — «Бойцеся!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?