Хто-кольвек загаманіў пра палітычны плагіят: маўляў, Мілінкевіч «пазычыў» ідэю кангрэса праеўрапейскіх сіл у Статкевіча. Але змагацца за капірайт у палітыцы — справа няўдзячная. Вызначальным ёсць тое, што лідэр руху «За Свабоду» адчуў момант, калі можна перахапіць ініцыятыву ў партыйных кіраўнікоў.

Калі тыя з усім імпэтам клеймавалі здрадніцу-Еўропу, Мілінкевіч прадбачліва вырашыў не класціся пад паравоз новага курсу ЕС. Злыя языкі зазначаюць, што класціся пад уладу — варыянт не лепшы. Іншыя мяркуюць, што гэты экс-кандыдат на прэзідэнта (які публічна абвесціў пра намер зрабіць дубль два) паводзіць сябе як нармальны цвярозы палітык, а не рэвалюцыйны летуценнік ці дагматык.

Ва ўсякім разе,

пакуль вярхоўка АДС маракуе над тэкстам новага стратэгічнага мемарандуму, Мілінкевіч рэалізуе стары добры прынцып «дайсці да кожнага» — ангажуе актывістаў апазіцыі персанальнымі лістамі.

У прынцыпе, ну хто супраць Еўропы? Зразумела, што кангрэс пад еўрапейскімі лозунгамі — толькі форма, абалонка перадвыбарчага спаборніцтва ў апазіцыйным лагеры. Дэ-факта зараз разгортваецца бітва за «індзейцаў», то бок актыў (беларускі апазіцыйны фальклор: «Правадыроў шмат — індзейцаў бракуе»).

І, мяркуючы, напрыклад, па працэсах браджэння ў Партыі БНФ, рух «За Свабоду» (ці, дакладней, ягоная болей гнуткая формула дачыненняў з уладай і рэсурсавы патэнцыял) мае нямала сімпатызантаў.

Актыў патрэбен кандыдату, каб сабраць подпісы, разнесці ўлёткі. Але ці закране масу тое, што будзе ва ўлётках? Такім чынам, бітва за электарат — цяжэйшая.

На думку Валера Карбалевіча, у прэзідэнцкай кампаніі было б памылкай рабіць занадта вялікую стаўку на еўрапейскія лозунгі. Аналітык падкрэслівае: галоўнае — ці упадабае электарат прапанаваныя кандыдатам рэцэпты рашэння ўнутраных праблем.

Іншая рэч, што галасуй не галасуй… Сёння беларускія выбары — класічная чорная скрыня: невядома, што робіцца ўнутры, але на выхадзе непазбежна будзе самі-ведаеце-чыя «элегантная перамога». І да чарговай прэзідэнцкай кампаніі сто пудоў нічога прынцыпова не зменіцца.

Адно што чацвёртаму тэрміну нязменнага прэзідэнта пастараюцца надаць болей легітымнасці ў вачах Еўропы. Распрацаваны прапановы што да зменаў выбарчага заканадаўства. Пра канкрэтыку распрацоўшчыкі маўчаць як рыбы: дакумент яшчэ вандруе па інстанцыях. Цьмяна паведамляецца: улічаны і рэкамендацыі АБСЕ.

Аднак трэба быць вялікім аптымістам, каб спадзявацца, што ўлады пагодзяцца ўлучаць ва ўсе камісіі апазіцыянераў ды ствараць назіральнікам сапраўды празрыстыя ўмовы. Мяркуючы па тактыцы ўлад у цяперашніх дачыненнях з Захадам,

будзе ўжыты нейкі мінімум нарматыўна-прававой касметыкі, каб атрымаць заліковыя ачкі ад Бруселя, але не ставіць пад удар працэдурны механізм забеспячэння «элегантных перамог».

Фактычна гэта пацвердзіла 19 траўня Лідзія Ярмошына. З яе слоў, у падрыхтаваных групай экспертаў прапановах «няма наогул нейкіх навэл, што змянялі б выбарчую сістэму Беларусі». Кіраўніца ЦВК зазначыла, што «проста змяняюцца пэўныя выбарчыя тэхналогіі, арганізацыйныя пытанні».

У прыватнасці, кандыдатам могуць дазволіць мець свае фінансавыя фонды. Для апазіцыі, якой зусім закруцілі кранік, пытанне, аднак, у тым, як такі фонд напоўніць.

Звыш таго, найхутчэй што кандыдатаў ад апазіцыі акажацца як мінімум два. Ці выпадкова кіраўніцтва ПКБ спахапілася, што трэба мяняць шыльду? Але куды цяжэй зрабіць персанальны рэбрэндынг.

Ніхто са старой калоды партыйных лідэраў не скочыць вышэй за пояс. Аднак жа праз амбіцыі і міжусобіцу вельмі імаверны сцэнар, калі сціплыя рэсурсы апазіцыі — і людскія, і грашовыя — будуць яшчэ і расцярушаны.

Ну і, нарэшце, за паходжанне кожнага рубля ў тым фондзе, будзьце упэўнены, прымусяць трымаць справаздачу па поўнай праграме. Так што навэла сапраўды не рэвалюцыйная.

Дык што, вынік наступных выбараў фатальны?

Ва ўмовах, калі няма механізмаў канкурэнтнай палітыкі, адзіным непрадказальным чыннікам выглядае крызіс. На сёння ён не паспеў падпсаваць тэфлонавы рэйтынг Лукашэнкі, але хто ведае, што будзе, калі далей фінансава-эканамічная сітуацыя пойдзе па горшым сцэнары: калапс экспарту, новая дэвальвацыя і г.д.

Крызіс, як ні цынічна, добры трамплін для новых лідэраў нацыі. Так у 1994-м выскачыў Лукашэнка, нагадвае Валер Карбалевіч.

Цяжка запярэчыць. Адно што дадамо: у 94-м усё ж неяк лічылі галасы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?