Увечары 29 лістапада скончыўся тэрмін, на працягу якога журналісту Tut.by Кацярыне Барысевіч павінны былі выставіць абвінавачванне і выбраць меру стрымання. Паколькі на свабоду яе не адпусцілі, можна зрабіць выснову, што Кацярына знаходзіцца ў статусе абвінавачанай і застаецца пад вартай. Следства ўзяло з адвакатаў падпіску аб неразгалошванні ў самым шырокім значэнні, таму на які тэрмін абрана самая строгая мера стрымання, невядома. Зыходзячы з практыкі, можна меркаваць, што на два месяцы, гэта значыць да 19 студзеня 2021 года, піша Tut.by.

Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце выдавання медыцынскай тайны, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Гаворка ідзе пра стан загінулага Рамана Бандарэнкі, Кацярына была аўтарам артыкула, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алкаголю. Сваякі Рамана прэтэнзій да СМІ і медперсаналу не выказвалі, маці дала згоду на распаўсюд інфармацыі аб стане сына.

27 лістапада ў Генеральную пракуратуру былі накіраваны характарыстыкі і звароты ад вядучых незалежных СМІ з просьбай абраць Кацярыне Барысевіч меру стрымання, не звязаную з узяццем пад варту. Таксама перададзены копіі дыпломаў і грамат, якія Кацярына атрымлівала ад Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, МНС і іншых ведамстваў за асвятленне дзейнасці праваахоўных органаў у Беларусі і прававую асвету грамадзян.

Фігурантам крымінальнай справы з'яўляецца таксама лекар-анестэзіёлаг Арцём Сарокін. На тэлеканале СТБ быў паказаны сюжэт, у якім ён прызнае віну, па ўсіх пунктах абвешчаных Генпракуратурай у паведамленні аб завядзенні крымінальнай справы, і заклікае калег вярнуцца да працы. Пасля затрымання Арцёма і Кацярыны па ўсёй краіне праходзяць акцыі салідарнасці «Нуль праміле», у тым ліку, і сярод медыцынскіх работнікаў.

Кацярына знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе бытавыя ўмовы горшыя, чым у СІЗА КДБ, дзе амаль тыдзень прабыла журналістка. Ад зняволеных, якія прайшлі Валадарку, парталу вядома, што там праблемы з перанаселенасцю, у камерах сыра, адзенне сохне некалькі сутак, яшчэ адно выпрабаванне — курцы, якіх у камерах, як правіла, большасць, і паляць яны тут жа, пах у камерах адпаведны. У TUT.BY пакуль што няма звестак пра тое, што Кацярыне перадаюць лісты ў СІЗА №1 (у СІЗА КДБ яна атрымала ўсяго адзін ліст), хоць дакладна вядома, што дзясяткі людзей ужо адправілі ёй лісты і паштоўкі.

Пішыце лісты Кацярыне, ёй вельмі патрэбна ваша падтрымка. Лісты трэба адпраўляць па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Барысевіч Кацярыне Анатольеўне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0