Ранкам 30 лістапада з уласнай хаты ў вёсцы Лінава Пружанскага раёна забралі паэта і пчаляра Міколу Папеку. У чым яго абвінавачваюць?

Мікола Папека. Фота Брэсцкай газеты.

Мікола Папека. Фота Брэсцкай газеты.

Жонка Міколы Святлана Папека кажа, што гэта адбылося прыкладна а 6:45 ранку. «У яго бяссонніца, то ён сядзеў у пакоі, глядзеў тэлевізар. Я была ў спальні. Чула, што машыны пад’язджаюць, але думала, мо сябры якія на рыбалку прыехалі забраць», — расказвае Святлана.

Мікола нават не сказаў жонцы, што яго затрымліваюць, пайшоў з міліцыянерамі. «Я нават не ведаю, хто па яго прыязджаў. Прыкладна аб 11-й гадзіне ён патэлефанаваў мне з мабільнага нашага ўчастковага, сказаў, што вязуць у Брэст», — падзяліліся жонка.

Брэсцкія праваабаронцы кажуць, што ім удалося даведацца, што Папека на гэты момант знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РУУС. Сябры мяркуюць, што затрыманне звязанае з крымінальнай справай за «карагод» 13 верасня.

Тады ў Брэсце на нядзельную прагулку сабралася шмат людзей, але калі сілавікі перагарадзілі ім шлях, то людзі зладзілі карагод на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Супраць людзей нават ужывалі вадамёт.

У выніку была заведзеная крымінальная справа па частцы 1 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх». Па гэтай справе ў ізалятары больш за 2 месяцы правяла брэсцкая настаўніца Марына Глазава, якую толькі нядаўна перавялі пад хатні арышт. Агулам у справе некалькі дзясяткаў фігурантаў.

Жонка кажа, што Мікола часта прыязджаў у Брэст, справа ў тым, што там жыве адзін з сыноў. «Пастаянна з рамонтам дапамагаў, ён там часта бываў. Ці быў у той дзень, я ўжо і не помню».

Міколу Папеку 58 гадоў, ён родам з Івацэвіцкага раёна, але прыжыўся ў Пружанскім. Спачатку працаваў пчаляром у лясніцтве, а потым засяродзіўся на ўласнай гаспадарцы. У Міколы больш за 60 вуллёў.

Калі пакаранне на «хіміі» ў Пружанскім раёне адбываў Павел Севярынец, то Папека ўвесь час дапамагаў яму.

Таксама Папека паэт, аўтар некалькіх вершаваных зборнікаў. У 1999 годзе нават атрымаў прэмію «Гліняны Вялес». Ды і сам ён з’яўляецца заснавальнікам «Мядовай прэміі» за паэзію, яе лаўрэат атрымлівае ў падарунак вядро мёду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?