На 68-м годзе жыцця ў Нясвіжы памёр хірург Ігар Богуш. У горадзе яго ведалі не толькі як высакакласнага спецыяліста, але і паважанага чалавека. У Ігара Мадэставіча быў COVID-19, піша Tut.by.

— Тата больш за 20 гадоў быў загадчыкам хірургічнага аддзялення ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. Да яго прыязджалі людзі нават з Масквы, не кажучы ўжо пра Мінск. Ён займаўся і сасудзістай хірургіяй, і траўматалагічнай. Яму вельмі падабалася апераваць — гэта была яго любімая праца. Яго неаднаразова запрашалі з'ехаць працаваць у Мінск і не толькі, але ён не хацеў, яму падабалася ў Нясвіжы, ён вельмі любіў сваю працу — ратаваць людзей, — распавядае Юлія, дачка Ігара Мадэставіча.

Сёлета Ігар Мадэставіч атрымаў ордэн Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа.

Юлія распавядае, што тата заразіўся каранавіруснай інфекцыяй, быў на ізаляцыі, затым яго адразу паклалі ў рэанімацыю і адтуль ён ужо не выйшаў. Апошнія два тыдні ён быў на ШВЛ. Адно лёгкае, па словах дачкі, было цалкам пашкоджана.

Калегі Ігара Мадэставіча сёння тэлефануюць родным і выказваюць свае спачуванні, кажуць, што страцілі хірурга, які перадаваў вопыт і вучыў маладое пакаленне.

Ігар Мадэставіч з сям'і медыкаў: яго мама працавала фельчарам на хуткай дапамозе, родны брат — санітарны доктар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0