«Віцебская вясна»

Праграмісту Аляксандру Кірыленку прысудзілі 3 снежня два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе spring96.org.

Суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебску Іна Грабоўская прызнала яго вінаватым ва ўчыненні гвалту над супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Пракурорка прасіла для Кірыленкі 3 гады зняволення.

Паводле абвінавачання, як піша «Віцебская вясна», 6 верасня падчас вулічнага шэсця Аляксандр Кірыленка перашкодзіў дзейнасці міліцыянта патрульна-паставой службы — старэйшага прапаршчыка Юрыя Валейчанкі. Дзяржаўны пракурор абвінаваціў Кірыленку ў тым, што з помсты за выкананне Валейчанкам службовых абавязкаў той нанёс яму не менш за два траўмуючыя ўздзеянні ў вобласць галавы і правай рукі, выбіўшы з яе гумавы дручок. Тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 364 КК, а менавіта — гвалт у дачыненні да супрацоўніка МУС, супрацьдзеянне законнай дзейнасці, прымус да змены характару гэтай дзейнасці і помста за выкананне службовай дзейнасці.

Аляксандр Кірыленка прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што не меў матыву помсціць супрацоўніку МУС за выкананне ягонай дзейнасці па ахове правапарадку.

Інцыдэнт адбыўся каля дому №43 на вуліцы Праўды ў Віцебску 6 верасня. Адна з удзельніц пратэснага маршу сарвала медыцынскую маску з твару прапаршчыка Валейчанкі, той спрабаваў яе затрымаць, але за жанчыну ўступіўся Аляксандр Кірыленка, ён адпіхнуў міліцыянта. Жанчына праходзіць па справе ў якасці сведкі, але на першае пасяджэнне не з'явілася.

Маці Кірыленкі, апытаная ў якасці сведкі, засведчыла, што яе сын добразычлівы, спакойны чалавек, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Ён увесь час аддае праграмаванню і захапляецца роварнымі прагулкамі. 6 верасня яго затрымалі з роварам.

Прыватнае прадпрыемства, дзе працуе падсудны, ахарактарызавала Аляксандра Кірыленку як «ключавога высакакласнага спецыяліста, адказнага, добразычлівага і неканфліктнага».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру