У Беларусі зноў актывізаваліся банкаўскія махляры. Схема старая: махляр прадстаўляецца супрацоўнікам банка і спрабуе вызнаць у ахвяры яе інфармацыю пра картку або звесткі для ўваходу ў інтэрнэт-банк. Але на гэты раз тэлефануюць праз Viber, піша Tut.by.

— Актывізаваліся ашуканцы. Прадстаўляюцца Беларусбанкам, нейкай агульнай сістэмай бяспекі. Кажуць, што была спроба спісання грашовых сродкаў з майго рахунку, і іншую лухту. Увогуле, спрабуюць дазнацца асабістыя звесткі, рэшту рахунку на карце. Толькі што і маёй сяброўцы тэлефанавалі, — распавяла чытачка.

Днямі махляр патэлефанаваў у вайберы і карэспандэнту Tut.by. яго акаўнт быў падпісаны як «БПС-БАНК» (правільная назва банка — БПС Сбербанк), а нумар пачынаўся лічбамі + 357 (іх на першы погляд можна пераблытаць з кодам Беларусі +375). Чалавек хацеў пацвердзіць перавод на буйную суму, а на адмову сказаў, што ў такім выпадку пацвярджае перавод. Зразумела, ніякага пераводу, які нібыта трэба было пацвердзіць, не існавала.

Аб падобных званках сваіх кліентаў папярэджвае і МТБанк. Там пішуць, што апошнім часам фіксуюцца спробы вішынгу (тэлефоннага махлярства), у тым ліку праз Viber.

— Зламыснікі, прадстаўляючыся па тэлефоне работнікамі службаў бяспекі розных банкаў, спрабуюць атрымаць звесткі ўваходу ў асабісты кабінет інтэрнэт-банка і мабільнага дадатку.

Яшчэ раз нагадваем, што супрацоўнік банка не можа запытваць у кліента канфідэнцыйную інфармацыю, бо ўсе даныя ўжо ёсць у сістэме. Таму нельга паведамляць каму б там ні было канфідэнцыйную інфармацыю: свае пашпартныя звесткі, поўныя рэквізіты карты, коды, якія паступаюць на тэлефонны нумар, лагін і пароль для ўваходу ў інтэрнэт- і мабільны банкі, — паведамляюць у банку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру