Прыкладна ў 10:10 раніцы 3 снежня пасля трох сутак у ізалятары выйшаў на волю пружанскі паэт і пчаляр Мікола Папека, піша Першы рэгіён.

Тэлефона ў яго пры сабе не было, і таму ён адразу па выхадзе з ізалятара Ленінскага РАУСа Брэста накіраваўся да сваякоў. Тыя набылі яму квіток на цягнік да Аранчыцаў.

На допыце ў ізалятары Мікола Папека не сведчыў супраць сябе на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і патрабаваў, каб дакументы следчых былі аформлены па-беларуску:

«Я ўсё ж гэтага дабіўся. Больш за тое, я ўбачыў там перакладчыка перад сабой з дзяржаўнага ўніверсітэта. Наколькі ён мае права быць перакладчыкам, я не ведаю, але, бясспрэчна, ён павінен мець ліцэнзію. Аказалася, што знайсці перакладчыка ў Брэсце — вялікая складанасць», — паведаміў пасля вызвалення сам Мікалай Папека.

Мікола Папека вярнуўся дадому пасля трох сутак у ізалятары.

Мікола Папека вярнуўся дадому пасля трох сутак у ізалятары.

Беларускі паэт, тэхнік-пчаляр з вёскі Лінова Мікола Папека быў затрыманы 30 лістапада раніцай у сябе дома. Пазней ён паведаміў сваякам пра тое, што яго вязуць у Брэст. Знайшоўся паэт у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУСа горада, і ўтрымлівалі яго там у рамках «вадамётнай» справы.

***

13 верасня ў Брэсце адбывалася шэсце ў знак пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Тады калона дэманстрантаў спынілася на перакрыжаванні праспекта Машэрава і бульвараў.

Рух транспарту ў тым раёне запаволіўся, і сілавікі вырашылі задзейнічаць вадамёт для разгону пратэстоўцаў.

Пазней была заведзена крымінальная справа па гэтым эпізодзе (частка 1 артыкула 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх»).

Паводле праваабаронцаў, па дадзенай справе ў якасці падазраваных праходзяць дзесяткі чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0