Выклікі, што стаяць перад беларускімі дактарамі, абмеркавалі тэрапеўт Дар’я Чэхава, а таксама анестэзіёлаг-рэаніматолаг Ніка Сяховіч у выпуску дэбатаў «ДысКУТ»

Дар’я Чэхава да нядаўняга часу працавала доктаркай у прыёмным аддзяленні 10-й гарадской клінічнай бальніцы. Усю пандэмію яна дзялілася сваімі назіраннямі аб COVID-19 і тактыцы беларускага Міністэрства аховы здароўя ў пытанні барацьбы з гэтым захворваннем. У лістападзе яна была вымушана з’ехаць з Беларусі пасля таго, як ёй пачалі цікавіцца следчыя органы.

«Першым крокам да маёй актыўнай пазіцыі стала сітуацыя з каранавірусам у краіне, замоўчванне таго, што адбывалася, — тлумачыць Дар’я Чэхава. — Трыгерам стала тое, што ў мяне была пацыентка, якая, на жаль, памерла праз каранавірус. І здарылася гэта тады, калі ў Беларусі яшчэ нельга было паміраць праз каранавірусную інфекцыю. І тое, што гэта ўсімі спосабамі хавалася, узняла ўва мне хвалю абурэння. І пасля, калі пачалася перадвыбарчая кампанія і, самае асноўнае, першыя тры дні пасля выбараў, калі адбываліся жорсткія затрыманні, калі мы сталі сведкамі збіццяў, катаванняў, гвалту, то натуральна, што мне як доктару было складана застацца ўбаку. Я імкнулася асвятляць гэта, бо маўчаць пра такое нельга».

На гэты момант Дар’я знаходзіцца за мяжой. Яна кажа, што ад’езд быў вымушаны, яна яго не планавала і не хацела. Ніка Сяховіч, анэстэзіёлаг-рэаніматолаг, працягвае працаваць у Беларусі.

«Працаваць зараз вельмі складана. Складана ў тым плане, што, апроч інфекцыі, пандэміі, нікуды не дзеліся спадарожныя захворванні, траўмы і іншае. І дапамогу аказваць трэба, — кажа Ніка. — Стацыянары шалёна загружаныя працай з інфікаванымі кавідам пацыентамі. Адпаведна, іншую дапамогу аказаць складана. Знайсці недзе месца, здаровага доктара, свабодныя рукі, якія б табе дапамаглі, — гэта вельмі складана. Складана і медыкам, і пацыентам. І мне шчыра шкада проста ўсіх».

Калі ў першую хвалю і Дар’я, і Ніка працавалі непасрэдна з пацыентамі з каранавірусам, то ў другую абедзве назіраюць за сітуацыяй трошку збоку.

«У гэтую хвалю каранавіруса я свядома не пайшла ў перапрафіляваныя аддзяленні, але тым не менш я ўсё адно сутыкаюся з імі кожны дзень, бо хворыя трапляюць у любое аддзяленне. Пасля мы іх імкнёмся пераводзіць у вызначаныя. Але, паколькі там месцы заканчваюцца, людзі зараз ляжаць і ў адносна чыстых аддзяленнях, — тлумачыць сітуацыю Ніка. — Чаму я не пайшла. Не пайшла, бо было вельмі складана. Я адчула ўвесь боль арганізацыі. Калі ўсё арганізоўваецца так-сяк накасяк, мне, як эмпатычнаму чалавеку, вельмі шкада і балюча глядзець на тое, што мы б маглі штосьці зрабіць, але аказваемся ў сітуацыі, калі нічога зрабіць не можам. Я вырашыла паберагчы сябе і пастарацца зрабіць усё, што магу, у чыстым аддзяленні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0