На днях быў затрыманы былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУСа Дзмітрый Кулакоўскі. Ён пакінуў службу неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, паколькі быў не згодны з дзеяннямі ўлады. У кастрычніку яго затрымалі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі міліцыі, амаль месяц ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе з ім абыходзіліся так, што на знак пратэсту ён глытаў металічныя прадметы. У дачыненні да Кулакоўскага заведзена крымінальная справа па факце абразы прадстаўніка ўлады. Дзмітрый спрабаваў пакінуць Беларусь, але яго затрымалі на мяжы і даставілі ў ізалятар, піша Tut.by.

Чытайце таксама: Дашкевіч: «За пяць гадоў у турмах я такога не бачыў — на Акрэсціна катуюць людзей, пра гэта трэба крычаць»

Дзмітрый Кулакоўскі яшчэ нядаўна ўзначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУСе Мінска. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва.

Пасля выбараў Дзмітрый заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК, караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў) з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

У кастрычніку супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома — за «непадпарадкаванне» ён атрымаў 12 сутак арышту. Пакаранне адбываў у ізалятары на Акрэсціна. Там яго змясцілі ў карцар, умовы былі надзвычай жорсткімі: ложак быў прышпілены да сцяны і днём, і ноччу, быў адзіны стул, на якім ён сядзеў 12 сутак і практычна не спаў. Адвакату Дзмітрый змог перадаць, што ў яго апухаюць ногі, у яго цукровы дыябет другога тыпу.

Пасля першага адміністрацыйнага тэрміну Кулакоўскі на волю не выйшаў, яго затрымалі зноў за «непадпарадкаванне», на гэты раз ўчастковаму міліцыянеру, і далі ўжо 15 сутак арышту. Частку другога тэрміну ён зноў правёў у карцары ў тых самых умовах. На знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы.

Сям'я і абаронца заявілі, што ўмовы, у якіх ён утрымліваецца, можна расцаніць як катаванні.

Пасля таго, як гісторыя з'явілася ў СМІ, Кулакоўскага перавялі ў звычайную камеру. З рэдакцыяй Tut.by звязаліся адразу некалькі чалавек, якія сядзелі або разам з Кулакоўскім, або ў суседніх камерах, яны пацвердзілі, што для яго як для былога супрацоўніка міліцыі наўмысна стваралі надзвычай жорсткія ўмовы ўтрымання.

Пасля адбыцця 27 сутак адміністрацыйнага арышту Дзмітрыя вызвалілі. На днях ён спрабаваў пакінуць Беларусь, мера стрымання ў дачыненні да яго не абіралася, аднак яму быў часова абмежаваны выезд за межы краіны. Як стала вядома Tut.by, экс-міліцыянер быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар, ужо па крымінальнай справе (абраза прадстаўніка ўлады).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?