Пра гэта паведамляе выданне «Праект» са спасылкай на двух не звязаных паміж сабой інфармаваных суразмоўцаў і менеджара адной з дзяржкампаній.
Журналісты прааналізавалі звесткі пералётаў самалёта спецыяльнага лётнага атрада «Расія», якім карыстаецца прэзідэнт РФ, і афіцыйныя прэс-рэлізы Крамля аб працоўных сустрэчах. На сайце Крамля сцвярджалася, што 2 лістапада Пуцін гутарыў па відэасувязі са школьнікамі са сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове, аднак, па словах крыніц «Праекта», людзі, якія забяспечваюць працу Пуціна, у той дзень знаходзіліся ў Сочы. 3 лістапада самалёт вылецеў з Сочы ў Санкт-Пецярбург, дзе Пуцін аглядаў ледакол «Віктар Чарнамырдзін».
Выданне прыйшло да высновы, што ў Пуціна ёсць два аднолькавыя кабінеты — у Сочы і ў Падмаскоўі. Яны пабудаваныя для таго, каб хаваць яго месцазнаходжанне, сцвярджае выданне. Паводле звестак «Праекта», прэзідэнт РФ знаходзіцца на Чорным моры прынамсі з канца лета, хоць афіцыйна паведамляецца, што ён у Падмаскоўі.
Сустрэча Пуціна са старшынёй праўлення Банка ВТБ Андрэем Косціным у Падмаскоўі і ў Сочы. Крыніца: kremlin.ru
Крыніцы выдання, знаёмыя з графікам Пуціна, тлумачаць, што ўлады чакалі другую хвалю каранавіруса, і жыхары Расіі павінны думаць, што ён знаходзіцца ў Маскве ці побач з ёй.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў не адказаў на пытанні «Праекта».





