Раніцай жыхары Уручча заўважылі, як на сажалцы супрацоўнік «Зелянбуда» сек лёд, спрабуючы дастаць такім чынам бел-чырвона-белы сцяг, піша Tut.by.

Чарговая спецаперацыя па канфіскацыі БЧБ-сцяга праходзіла на сажалцы ва Уруччы (паміж домам №16 на вуліцы Акадэміка Купрэвіча і школай-садам №31).

Прыкладна а 12 гадзіне мясцовыя жыхары заўважылі трох супрацоўнікаў «Зелянбуда» Першамайскага раёна.

— Спачатку нешта кінулі на лёд, імаверна, соль. І стаялі курылі хвілін 30-40. Потым адзін з іх пайшоў на лёд і дзесьці хвілін 20-30 сек яго пад сабой, — распавяла адна з мясцовых жыхарак, якая назірала за тым, што адбываецца.

Паводле яе слоў, больш за гадзіну мужчына спрабаваў такім чынам выдзіраць сцяг.

— Прыйшлі мясцовыя жыхары, якія прасілі не рызыкаваць сабой. Таму што супрацоўнікі «Зелянбуда» былі без камізэлек, без сродкаў абароны. У іх з сабой нават вяровак не было, — распавядае жанчына.

Мясцовая жыхарка таксама патэлефанавала ў МНС, там ёй растлумачылі: калі чалавек не тоне, то яны нічога зрабіць не могуць. Званок перанакіравалі ў міліцыю. У міліцыі ўдакладнілі пра глыбіню сажалкі, прынялі выклік і сказалі, што будуць па ім працаваць.

— Зелянбудаўцы казалі, што іх накіравала сюды начальства, — кажуць мясцовыя жыхары.

Па словах відавочцаў, неўзабаве супрацоўнікам «Зелянбуда» сталі тэлефанаваць на мабільны, пасля чаго адзін з іх перастаў выдзіраць сцяг і ўсе сышлі. Кавалачкі сцяга засталіся ўмерзлыя ў сажалцы. Міліцыя на месца не прыязджала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?