Былога палітвязня Міколу Аўтуховіча назвалі лідарам «тэрарыстычнага атрада».

У эфіры дзяржаўнага тэлебачання было абвешчана пра датычнасць Аўтуховіча да падпалу дома міліцыянера ў Ваўкавыску, а таксама да падпалу аўто міліцыянера ў Гродне.

Сведчыць супраць Аўтуховіча ў сюжэце Павел Сава — «беспрацоўны мінчанін, што неаднаразова сядзеў», так яго прадстаўляюць у сюжэце.

Сава кажа, што машыну Аўтуховіч падарваў з дапамогай трацілавай шашкі, сам ён «стаяў на шухеры».

«У верхавода быў сабраны вялікі арсенал зброі і выбухоўкі. А яе ўдзельнікі выконвалі меры канспірацыі, хаваліся ад праваахоўнікаў у розных гарадах», — гаворыцца ў рэпартажы.

У сюжэце паведамляецца, што, каго і дзе падрываць або падпальваць — Мікалай Аўтуховіч нібыта браў проста з тэлеграма.

«Мне дастаткова, каб мне «навесілі» тэрмін толькі за тое, што я заклікаў да звяржэння рэжыму. Гэта ў фэйсбуку паглядзіце. Усяго хопіць на пажыццёвае. У мяне цэлая машына арсеналу, што яшчэ трэба даказваць?» — прыводзяць словы Аўтуховіча ў сюжэце. На допыце Аўтуховіча трымаюць са звязанымі рукамі.

Паведамляецца, што канфіскаваныя аўтамат, пісталеты, глушыцель, каля паўтары тысячы патронаў, 8 трацілавых шашак, 8 ручных гранат. Гатовыя для падпалу пяцілітровыя бутлі, балаклавы, рацыі і яшчэ шмат усяго.

Называюцца ў сюжэце і іншыя імёны памагатых. Гэта Сяргей Разановіч, Любоў Разановіч, Павел Разановіч, Ірына Гарачкіна, Ірына Мельхер і Антон Мельхер.

*****

Мікалай Аўтуховіч — 57-гадовы прадпрымальнік і грамадскі актывіст. Нарадзіўся ў Ваўкавыску, служыў у Афганістане, адкуль вярнуўся з баявымі ўзнагародамі. З нуля стварыў службу таксі ў Ваўкавыску. У 2003, як сцвярджае, не пагадзіўся даваць хабар падаткавікам, і тыя пачалі душыць яго бізнэс. Ладзіў публічныя акцыі пратэсту. Разам з Аўтуховічам галадалі больш за 30 чалавек, і ўлады ішлі на саступкі.

У 2004 балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Атрымаў першы турэмны тэрмін па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Выйшаў на волю ў 2008, у 2010 зноў быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення паводле артыкула «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»: у яго дома падчас ператрусу знайшлі некалькі набояў для паляўнічай стрэльбы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0