Ва Ўкраіну з жніўня, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пераехалі каля 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылянсэраў зь Беларусі. Як паведамілі «Свабодзе» ў Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны, у краіне ажыцьцяўляецца адмысловы праект падтрыманьня беларускіх спэцыялістаў сэктару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, Міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.

Адпаведны пакрокавы плян, які дазваляе беларускім спэцыялістам пераехаць ва Ўкраіну, падтрымліваюць прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і міністар лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў.

Для беларусаў створаны адмысловы сайт, на якім можна даведацца аб неабходным для пераезду пакеце дакумэнтаў, а для хуткай дапамогі бесьперапынна працуе гарачая лінія.

Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спэцыялістаў да пераезду ва Ўкраіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаваньне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасьці быць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.

У Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны ўдакладнілі, што распрацоўваюць і такія зьмены ў заканадаўства, якія дазволяць беларусам рэгістравацца як фізычная асоба-прадпрымальнік і ўжо на гэтай падставе атрымліваць дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?