Паказ трылогіі пра паслявыбарныя часы ў Беларусі і сустрэча з аўтарамі — 9 снежня

У кіно на падзеі ў Беларусі першай адрэагавала, вядома, дакументалістыка. Ужо знаныя кінематаграфісты Андрэй Куціла, Максім Швед і Кацярына Маркавец зрабілі па кароткім метры, дзе расказалі пра былую супрацоўніцу дзяржаўнага тэлебачання, якая стала ахвярай гвалту, пра начны Мінск у дні пасля выбараў і валанцёра, што дапамагае тым, хто пацярпеў ад сілавікоў. Гісторыі склаліся ў «Трылогію: Беларусь 2020» — адразу пасля яе паказу адбудзецца сустрэча з аўтарамі. Сёння ж, 9 снежня, будзе таксама паказаны фільм Максіма Шведа «Беларусь: маршрут перабудаваны» пра размовы ў таксі ў перадвыбарныя часы, а пасля паказу адбудзецца асобная размова з рэжысёрам. 

Паказ найлепшага дакументальнага фільма 2016 года паводле BAFTA «Я не твой негр» — 10 снежня

Адмыслова ў Сусветны дзень правоў чалавека Watch Docs пакажа маштабную дакументальную карціну, якая адсочвае гісторыю расізму з 1890 года да сучаснасці. Рэжысёр Рауль Пэк расказвае гісторыі трох забітых афраамерыканцаў-праваабаронцаў, у тым ліку, Марціна Лютэра Кінга-малодшага, адлюстроўвае ўвасоблены ў мастацтве супраціў і транслюе адказнасць кожнага за захаванне няроўнасці. Фільм быў намінаваны на «Оскар», а Брытанская акадэмія тэлебачання і кінамастацтва назвала яго найлепшым у 2016 годзе. «Я не твой негр» будзе паказвацца з беларускімі субцітрамі, а пасля сеанса адбудзецца дыскусія з анлайн-удзелам паэта і рэжысёра Ладан Осман з ЗША.

Паказ карціны «Уплыў» — 11 снежня

Гэта свежы фільм пра «піяршчыка д’ябла» лорда Цімаці Бэла, які працаваў з Тэтчэр, Піначэтам і Лукашэнкам. Ён займаўся грамадскім успрыманнем палітыкаў, дыктатараў і кампаній, сузаснаваў кампанію па кіраванні рэпутацыяй Bell Pottinger, а ў выніку сам згубіў «добрае рэнамэ», калі прычыніўся да расавага расколу ў Паўднёвай Афрыцы. Вядомы паліттэхнолаг ужо памёр, а рэжысёры выкарысталі архівы, старыя інтэрв’ю са сваім героем і размовы з яго сябрамі і ворагамі, каб расказаць пра ўплыў сучасных камунікацый на палітыку і свет.

Паказ беларускага фільма «Трансфармацыя» пра трансгендараў — 12 снежня

Як гэта — дзеля змены пола прайсці дзяржаўную камісію з чыноўнікаў, якія з пытаннямі гендара ўвогуле не знаёмыя. Дакументальная работа Рамана Раманава расказвае гісторыі чатырох трансгендараў у Беларусі і становіцца «апавяданнем пра ксенафобію, гвалт і адзіноту». Пасля паказу адбудзецца сустрэча з рэжысёрам.

Падвядзенне вынікаў, узнагароджванне пераможцаў і закрыццё Watch Docs — 13 снежня

Watch Docs — гэта яшчэ і конкурс беларускіх фільмаў. Сёлета ў праграму, апроч згаданых «Трылогіі» і «Трансфармацыі», увайшлі карціны «Лебедзі» Галіны Адамовіч аб працы хуткай дапамогі ў Светлагорску, «Гэтая песня называецца 328» Аляксандры Дынько пра трагедыю праз наркотыкі і беларускае заканадаўства і, нарэшце, «Структура» Алісы Іода пра мастацтва ў рамках. Пераможцы, што вызначаюцца глядацкім галасаваннем, будуць названыя на закрыцці фестывалю і атрымаюць сабраныя праз краўдфандынг грашовыя прызы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру