Фота Надзеі Бужан. 

Фота Надзеі Бужан. 

Паводле Паўла Латушкі, сённяшнія падзеі выклікаюць два маштабныя знешнепалітычныя пытанні: па-першае, ці «здасць экзамен Расія», якая заўсёды дэкларавала, што беларусы для яе — братэрскі народ, але выбрала падтрымку рэжыму Лукашэнкі, і ці мае еўрапейская дэмакратыя механізмы ўплыву, калі ў адной з еўрапейскіх краін масава парушаюцца правы чалавека і здзяйсняюцца рэпрэсіі.

Адзін з такіх інструментаў ціску — санкцыі — цяпер з’яўляецца асноўным кірункам дзейнасці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пад кіраўніцтвам Латушкі. «І ў Святланы Ціханоўскай, і ў нас, і ў мяне асабіста было на гэты конт шмат сустрэч і дагэтуль яны адбываюцца ледзь не кожны дзень. Мы ведаем, Еўрапейскі Саюз прыняў рэгламент па санкцыях — пад дзевяць з дванаццаці яго пунктаў падпадае рэжым Лукашэнкі.

Дзякуючы санкцыям будзе створана сістэма, пры якой следам за алігархам, што фінансуе рэжым, у спіс адразу трапяць і яго бізнэс, і, магчыма, яго партнёры, і банкаўскія структуры, што з ім супрацоўнічаюць. Такім чынам ніводная банкаўская структура Еўрапейскага Саюза, а фактычна з усяго свету — не зможа дапамагчы яму фінансава, бо ў такім выпадку будзе рызыкаваць спагнаннямі з боку еўрапейскіх інстытутаў».

Як кажа Павел, паколькі звычайна бізнэс завязаны на пастаўках і фінансавых камунікацыях з усім светам, трапленне ў санкцыйны спіс можа гэты бізнэс ліквідаваць альбо, прынамсі, значна абмежаваць. Апроч таго, што самі санкцыі стануць больш сур’ёзнымі, будзе спрошчана працэдура, па якой пад абмежаванні будуць трапляць дадатковыя асобы альбо кампаніі. Цяпер чакаецца пашырэнне спісу, а наступным этапам могуць быць сектаральныя санкцыі.

Павел Латушка настойвае на тым, што адказнасць за гэта нясуць асобы, якія штодня ў Беларусі здзяйсняюць злачынствы. «Мы ж разумеем, што, калі б Лукашэнка сышоў, уводзіць санкцыі было б не трэба».

З дзеяннямі ўлады звязаны другі праект — адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў.

«Мы супольна працавалі над ім два месяцы, у кнізе могуць рэгістравацца перадусім тыя, у адносінах да каго былі здзейснены злачынствы. Таксама сведкі: калі вы маеце доказы катаванняў, збіцця людзей альбо фальсіфікацый вынікаў галасавання на вашым выбарчым участку, можаце даць гэтую інфармацыю ў кнізе. Нарэшце, самі адказныя за злачынствы могуць здзейсніць яўку з прызнаннем віны. Хутка мы дамо прыклады таго, як сведка можа дапамагчы зафіксаваць злачынства».

Сістэма кнігі дазваляе выбудаваць схемы з тых, хто аддаваў загады, і тых, хто іх выконваў, праз што ўзровень цяжкасці злачынства ўзрастае. «Калі гэта не асобнае, а сістэмнае дзеянне, гаворка ідзе пра арганізаваную злачынную групоўку, прычым дзякуючы кнізе мы будзем ведаць, хто стаяў ці стаіць на яе чале».

Павел Латушка лічыць, што мы назіраем за гістарычным момантам з Беларуссю ў яго цэнтры, і ў залежнасці ад таго, як будуць вырашаны згаданыя пытанні, наша краіна можа адыграць галоўную ролю ў тым, каб наладзіць паразуменне паміж Захадам і Усходам. «Беларусы сёння змагаюцца за свае правы і свабоды, але, магчыма, таксама за нешта большае, важнае не толькі для беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0