9 снежня кіраўнікі дыпламатычных місій ЕС і дзяржаў — сябраў ЕС, прадстаўленых у Мінску, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША сустрэліся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведамляе сайт прадстаўніцтва ЕС.

Дыпламаты спыталіся аб планах беларускіх уладаў у дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права, што, у першую чаргу, выявілася б у наступным:

— спыненні затрыманняў, гвалту і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі;

— вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых;

— судовым пераследзе тых, хто санкцыянаваў і ўчыняў акты гвалту і бесчалавечнага абыходжання, якія прывялі да раненняў, траўмаў, гібелі людзей і фармавання агульнай атмасферы беззаконнасці;

— правядзенні свабодных і справядлівых выбараў пад незалежным назіраннем.

Дыпламаты таксама праінфармавалі міністра аб магчымых сцэнарах, па якіх маглі б развівацца адпаведныя двухбаковыя адносіны, калі б улады Беларусі распачалі адчувальныя і значныя крокі па аднаўленні вяршэнства права.

Кіраўнікі місій заклікалі ўлады Беларусі ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў выкананні сваіх стандартных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання. Яны таксама чакаюць, што беларускі бок пагодзіцца на вяртанне ў Беларусь паслоў Літвы і Польшчы і іх штату дыпламатычных супрацоўнікаў да канца года. 

Дыпламаты паўтарылі, што іх урады гатовыя аказваць падтрымку і садзейнічаць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, абараняючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню.

МЗС Беларусі аб сустрэчы не паведаміў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0