Каранавірус моцна ўдарыў па фіналістах конкурсу анімацыйных праектаў, які ладзіўся ў рамках расійскага фестывалю «Кінапроба». Агулам было 10 фіналістаў, але дзве дзяўчыны памерлі, а яшчэ трое не выходзяць на сувязь. Пра гэта напісаў сваёй шматтысячнай аўдыторыі шэф-рэдактар студыі «Саюзмультфільм» Сяргей Капкоў.

Сяргей Капкоў — гэта такі чыноўнік новага веку, якім доўгі час захапляліся расійскія ліберальныя колы. Ён рэканструкцыяваў парк Горкага ў Маскве — і імгненна зрабіў яго папулярным. Тады Капкова перавялі на працу ў мэрыю, дзе ён заняўся паркамі, тэатрамі, бібліятэкамі. Яго рэформы гарадской прасторы былі прызнаныя паспяховымі. Гэты чалавек мае кола прыхільнікаў, якія яму давяраюць.

Таму ў кранальную гісторыю пра смерць дзвюх мультыплікатарак таксама паверылі.

«Адна з дзяўчынак — 21-гадовая Шура Грушына — памерла. Яе бацька збіраўся ўдзельнічаць замест яе, у памяць пра яе. Чамусьці перастаў выходзіць на сувязь, мабыць, усвядоміў, што сэнсу ў гэтым ужо ніякага няма… Але ў дзень пітчынгу, раніцай, высветлілася, што зараза забрала жыццё яшчэ адной юнай таленавітай дзяўчыны — 26-гадовай Наташы Мальгіной. Статыстыка жахлівая!!! Я ўжо маўчу, што з трыма астатнімі хворымі сувязь таксама знікла, тэлефоны адключаныя, на лісты не адказваюць. Вельмі хочацца верыць, што проста перадумалі.

21-гадовая Шура Грушына і 26-гадовая Наташа Мальгіна

Яшчэ раз: пяць з пятнаццаці чалавек у розных канцах краіны! Двое памерлі. Трое — невядома… Маладыя, мэтанакіраваныя, таленавітыя! Калі ласка, беражыце сябе! Гэта страшна… Ну і паглядзіце на гэтых дзяўчынак, якія марылі прысвяціць сваё жыццё самаму добраму з мастацтваў…» — гэтыя словы Капкова лайкалі і рэпосцілі тысячы чалавек.

Журналісты сталі шукаць падрабязнасці гісторыі і зразумелі, што сітуацыя выглядае дзіўнай — людзей з такімі імёнамі проста не існуе. Капкову сталі намякаць, што ён, магчыма, распаўсюджвае фэйк.

Але ён у адказ толькі абураўся. «Якое ж дно, калі твой пост набірае больш за 200 каментаў і больш за тысячу рэакцый. Адна непаўнавартасная напісала, што я вырашыў хайпануць. Барані, Божа!»

Тым часам секцыя анімацыйных праектаў на фестывалі пачалася з хвіліны маўчання ў памяць пра Шуру і Наташу.

Журналісты пецярбургскага выдання «Фантанка» працягвалі шукаць інфармацыю і выявілі, што набор персанажаў з заяўкі Мальгіной цалкам супадае з героямі комікса іншай мастачкі. Заяўка Грушынай спісаная з сюжэту яшчэ аднаго аўтара. Аказалася, што і тым, і тым праектам некалі цікавіўся мультыплікатар з Ліпецка Дзмітрый Зарніцкі.

Ён працуе сацыяльным педагогам у доме састарэлых, жыве з маці, але марыць пра творчае прызнанне і грошы. Таму ён адправіў на конкурс і заяўку ад свайго імя, і некалькі фальшывых. Задума была такая — магчыма, «чужыя» праекты выйграюць, і ён атрымае ўзнагароду анлайн. Калі ж падчас высвятлення абставінаў журы выкіне гэтыя праекты з шорт-ліста, то канкурэнцыя зменшыцца. Яго задума ў нечым спрацавала — напрыклад, у конкурснай секцыі яго фальшывыя заяўкі атрымалі 7 з 10 месцаў.

Пяць прыдуманых ім чалавек (двое «памерлых» і трое «зніклых») былі складзеныя з кавалкаў біяграфій і здымкаў яго знаёмых. Яшчэ адну заяўку Зарніцкі адправіў проста ад імя сябра. Ён і не здагадваўся, што сітуацыя настолькі выйдзе з-пад кантролю.

Даведаўшыся ад «Фантанкі» абставіны гісторыі, арганізатары конкурсу былі ў шоку. Яны вырашылі не даваць ліпецкаму мультыплікатару нават дыплом удзельніка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру