Часам людзі дзівяцца — навошта лукашысты так упарта і настойліва ўсюды піхаюць чырвона-зялёныя сцягі, нават у месцы, дзе яны зусім недарэчныя, як на тыя ж аўтазакі і турмы —

ды яшчэ і калючым дротам абносяць? Яны што, не разумеюць, што гэтым самым свой сімвал толькі дыскрэдытуюць і пазбаўляюць яго будучыні?

Я думаю, цудоўна яны ўсё разумеюць,

а робяць так толькі таму, што будучыня гэтага сцяга ім глыбока да аднаго месца. У тым лагеры сцяг ні для каго не святыня, а прызначэнне яго чыста ўтылітарнае — пазначаць сваю тэрыторыю.

Нешта падобнае, як робяць многія жывёлы. Пазначаць тэрыторыю пазначаюць, але ці ж тая субстанцыя, якой гэта робяць, некаму дарагая сама па сабе?

Чаму ж чырвона-зялёны сцяг, у адрозненне ад бел-чырвона-белага, ні для каго асабліва не стаў святыняй, нягледзячы на тое, што яго так актыўна прапіхваюць?

Думаю, прычына перадусім у адсутнасці ў ім хоць бы якой станоўчай энергетыкі. І справа зусім не ў «неадпаведнай» колеравай гаме, як гэта часам пішуць. Упэўнены, што для партугальцаў іхны чырвона-зялёны сцяг не менш дарагі, як для нас бел-чырвона-белы.

І не ў тым прычына, што чырвона-зялёны сцяг не старажытны і не мае гістарычных традыцый. Калі лічыць разам з бээсэсэраўскім перыядам, то яму ўжо амаль 70 гадоў — зусім немалы тэрмін. У часы нацыянальнага адраджэння канца 80-х — пачатку 90-х прыблізна столькі ж было бел-чырвона-беламу, а ён прынамсі частку грамадства рэальна запаліў тады, і ў гэтай часткі аніяк не страціў сваіх пазіцый і ў наступныя, надзвычай неспрыяльныя дзесяцігоддзі. А вось чырвона-зялёны чамусьці такіх эмоцый ніколі не будзіў.

Прычына адсутнасці гэтай энергетыкі, думаю, у тым, што чырвона-зялёны сцяг цягам усёй сваёй гісторыі ніколі па сутнасці не быў чымсьці іншым, як толькі чыноўніцка-бюракратычным сімвалам. Пад ім ніколі ні за што не змагаліся, за яго ніколі не цярпелі, яго не аберагалі, не абаранялі, не перахоўвалі ў тайніках, над ім не плакалі, ім не накрывалі ў трунах нябожчыкаў…

І гэтак далей, і да таго падобнае. Некалі з Масквы загадалі ўсім рэспублікам стварыць новыя сцягі — загад быў выкананы, стварылі. Зацвердзілі, развесілі дзе трэба і пасля ў сімвала было некалькі дзесяцігоддзяў спакойнага бесклапотнага жыцця. Пасля на некалькі гадоў знялі, схавалі ў шуфляду, потым зноў вывесілі ў мадыфікаванай форме без усялякага папярэдняга змагання за «бязвінна пацярпелага».

У выніку гадоў сцягу нібыта шмат, а ў «партфоліа» запісаць яму няма чаго.

Ні вершы ў нармальных паэтаў пра яго ад сэрца не пісаліся і не пішуцца, ні міфалогіі натуральнай не складваецца. А спробы стварыць усё гэта штучна выклікаюць толькі гамерычны рогат — настолькі ўбога, нацягнута, а таму і камічна выглядае. Гэта як і з людзьмі бывае — здавалася б, усё жыццё чалавек правёў недзе на высокіх пасадах, кар'ерна рос, нібыта жар-птушку за хвост ухапіў — а ў юбілейны артыкул ці ў некралог няма чаго і напісаць, апрача пераліку біяграфічных фактаў ды набору пафасных вадзяністых банальнасцяў. Нібыта і не апошнім чалавекам быў на гэтай зямлі, але зусім бясколерным. Ні добрага асабліва нічога не скажаш, ні кепскага. А калі пачынаюць для парадку нешта прыдумляць — у тых, хто сам з тым чалавекам знаёмы, міжволі з'яўляецца ўсмешка.

Так і з чырвона-зялёным сцягам было да гэтага года. Была дастаткова нешматлікая ў маштабах усяго грамадства група, якая яго ненавідзела, а ў большасці гэты сцяг не будзіў ніякіх асаблівых эмоцый — вісіць, то хай і вісіць, ёсць справы важнейшыя.

І толькі ў гэтым годзе ч-з стаў па-сапраўднаму напаўняцца энергетыкай. Але такой, якая не прарочыць яму ніякай светлай будучыні. Без залежнасці ад таго, колькі законаў па яго абароне і папулярызацыі прымуць і на колькіх будынках развесяць.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0