Улада лічыць, што ён «не падтрымліваў у належным стане знадворны выгляд жылога дому». «Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — кажа на гэта Міхаіл Русак, піша Радыё Свабода.

11 сьнежня адміністрацыйная камісія Гомельскага райвыканкаму пакарала пэнсіянэра МУС Міхаіла Русака штрафам у 405 рублёў (15 базавых велічыняў) за тое, што ён «не падтрымліваў у належным стане знадворны выгляд жылога дому».

Так старшыня сельсавету трактаваў вывешаны на доме беларускі бел-чырвона-белы сьцяг.

Пратакол паводле артыкулу 21.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях на былога міліцыянта склаў старшыня Чонкаўскага райвыканкаму. Паводле пратаколу, Міхаіл Русак парушыў заканадаўства тым, што «не зрабіў належных захадаў для падтрыманьня ў належным стане знадворнага выгляду жылога дому ды іншых збудаваньняў, а менавіта разьмясьціў на даху збудаваньня і фасадзе жылога дому незарэгістраваную сымболіку (бел-чырвона-белыя сьцягі)».

Міхаіл на пратаколе напісаў свае заўвагі, у тым ліку што інфармацыя ў пратаколе «заведама ілжывая». Пэнсіянэр МУС правёў сярод прадстаўнікоў улады і міліцыі тлумачальную працу, спасылаючыся на энцыкляпэдыі і даведкі з Нацыянальнай акадэміі навук, што такое «фасад будынку», «архітэктурныя збудаваньні і канструкцыі», «зарэгістраваная і незарэгістраваная сымболіка».

«На камісіі супраць мяне засядалі аж дзевяць чалавек, у тым ліку падпалкоўнік міліцыі. Яны ўсе, як я лічу, ўчынілі дзеяньні, якія супярэчаць справядлівасьці і законнасьці, выканалі злачынныя загады. Я патрабаваў даказаць, чаму гэтая сымболіка не зарэгістраваная, але адказу не пачуў. Дзевяць чалавек больш за гадзіну разьбіраліся з гэтым пытаньнем», — зазначыў Міхаіл.

Ён ня ведае пакуль, ці будзе абскарджваць рашэньне:

«Каму скардзіцца, калі за забойствы не распачынаюць справы? Уся сыстэма кіраваньня ў дзяржаве прасякнутая духам сьмерці», — дадаў пэнсіянэр.

Яшчэ ў верасьні ён купіў бел-чырвона-белы сьцяг, тронак да яго і паставіў сымбаль на сваім двары. Неўзабаве ноччу невядомыя зламалі тронак і скралі сьцяг. Ён паставіў новы. У лістападзе прадстаўнікі ўлады перайшлі да «сілавога варыянту» вырашэньня канфлікту. Да Міхаіла прыехалі каля дваццаці чалавек — у тым ліку прадстаўнікі міліцыі, сельсавету, камунальнікі. Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гаспадара, і зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — кажа Міхаіл.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?